Улады будуць рэгуляваць цэны на сродкі гігіены, запалкі і каву



Савет міністраў пастановай ад 4 красавіка № 205 пашырыў пералік сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Як паведаміла прэс-служба ўрада, у пералік унесены мясныя і рыбныя кансервы, сухое малако, кава, пітная вада (расфасаваная ў ёмістасці), цвёрдае туалетнае і гаспадарчае мыла, запалкі, жаночыя гігіенічныя пракладкі, падгузнікі, туалетная папера, сродкі абароны органаў дыхання (маскі, прызначаныя для індывідуальнага прымянення) і дэзынфікуючыя (антыбактэрыяльныя, абеззаражвальныя) сродкі (у тым ліку гелі, спрэі). Дакумент набудзе моц пасля афіцыйнага апублікавання.

На названую прадукцыю з-за пандэміі каронавіруса COVID-19 існуе падвышаны спажывецкі попыт.

Раней урад прыняў рашэнне аб абмежаванні росту цэн на тавары не больш за 0,5% у месяц, а таксама ўвёў забарону на вываз з краіны грэчкі, цыбулі і часнаку.

belapan.by

Фота ria.ru