7 красавіка – дзень памяці Ларысы Геніюш
Піша ў сваім Facebook пісьменнік і даследчык літаратуры Міхась Скобла:
Сёння дзень памяці Ларысы Геніюш. Калі нейкую з’яву немагчыма растлумачыць, кажуць, што адбыўся цуд. У дзень пахавання паэткі ён адбыўся ў нясхільнай да цудаў Зэльве. Я апытаў дзясяткі відавочцаў, і ніхто мне не змог уцямна растлумачыць, як тады, у 1983-м, пры моцнай яшчэ савецкай уладзе, у савецкім запалоханым і дарэшты кантраляваным мястэчку на вуліцу Савецкую прыйшлі тысячы савецкіх людзей, каб правесці ў апошні шлях несавецкую грамадзянку. Ніхто ж нікога з хаты не гнаў, з працы арганізавана не адпускаў. Наадварот, бралі на ўлік тых, хто падпісваў па-беларуску вянкі, хто збіраўся прысутнічаць на адпяванні ў царкве. І ўсё ж людзі прыйшлі. Як на маўклівую маніфестацыю, перамогшы вонкавы і ўнутраны страх, усім сваім выглядам нібы пацвярджаючы словы Ларысы Геніюш: «Мы вам не племя слугаў, мы – народ!»
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Марыс Метэрлінк, які быў яшчэ і выдатным прыродазнаўцам, у сваёй кнізе «Разумныя кветкі» апісаў паводзіны раслінаў у самых розных умовах існавання. Аказваецца, асобная кветка можа памыліцца, зацвісці не ў пару і загінуць, можа не сваечасова высеяць у зямлю насенне, якое не дасць працягу роду. Але ў цэлым кветкавы род ніколі не памыляецца, ён разумны і ведае, як дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях. Магчыма, падобная сістэма паводзінаў характэрная і для людзей. Асобна ўзяты жыхар Зэльвы мог не чытаць кніг Ларысы Геніюш і не ведаць, з кім жыў побач на адной вуліцы. Але настаў момант ісціны, і ён уліўся ў шматлюднае жалобнае шэсце, якое ў той дзень і ў той час уяўляла з сябе менавіта народнае рушэнне, над якім не мела сілы ўсемагутная тады савецкая ўлада.
Дарэмна прадстаўнікі гэтай улады запалохвалі святара зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы і настойвалі, каб не было адпявання. Айцец Васіль Чыкіда пры паўнюткай царкве адпяваў рабу Божую Ларысу чатыры гадзіны. А ў сваёй пропаведзі назваў Ларысу Геніюш чалавекам «з крыштальна чыстай душой, чые творы будуць жыць вечна».
Дарэмна афіцыйныя распарадчыкі пахавання, упаўнаважаныя той жа ўладай, падганялі пад царкву грузавік з апушчанымі бартамі. Труну ад храма да самых могілак людзі неслі на плячах.Дарэмна пісьменнікаў з Гародні і Менска па чарзе выклікалі ў райвыканкам і папярэджвалі, каб «никаких речей» тыя не прамаўлялі. На могілках выступілі Адам Мальдзіс і Уладзімір Арлоў, які прачытаў верш Сержука Сокалава-Воюша, напісаны на смерць паэткі. Дарэмна ў Зэльву панаехала «службоўцаў у цывільным» з Ваўкавыска і Гародні, якія мусілі кантраляваць сітуацыю. Наўрад ці нехта з іх здабыў чарговую зорку на пагоны за тое сапраўды народнае пахаванне.
«Дома свечкі даўно пагашаны, / і магілкі пад снегам спяць. / Дык няўжо і мяне, няшчасную, / пад канвоем будуць хаваць?» – пыталася Ларыса Геніюш у адным з апошніх сваіх вершаў. Спасьцярога паэткі не спраўдзілася. Хавалі яе пад аховай любові ў атмасферы шчырага чалавечага смутку.
Калі я гляджу на здымкі з таго пахавання, мне міжволі хочацца параўнаць развітанне з Ларысай Геніюш з праводзінамі ў апошні шлях Васіля Быкава. І 10 красавіка 1983 года ў Зэльве, і 25 чэрвеня 2003 года ў Менску, за трунамі творцаў ішоў Народ, дзеля якога яны жылі і пісалі.
Фота vidymus.livejournal.com