Палітвязень Мікіта Емяльянаў не будзе пісаць прашэнне пра памілаванне



Мікіта Емяльянаў паведаміў на волю ў лісце, што не збіраецца прасіць памілавання, і гэта яго прынцыповае рашэнне. «Трэба патрабаваць, а не прасіць, – лічыць Мікіта. – Такую пазіцыю я лічу годнай і правільнай».

Нагадаем, 12 лютага 2020 года суд Савецкага раёна Менска асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Іх асудзілі за дзве акцыі: Мікіта Емяльянаў кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Мінгарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам. А пазней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску. Іван Комар у гэты момант быў у суседнім скверы, інфармуе spring96.org.

Свой учынак анархісты патлумачылі тым, што яны выступаюць супраць пераследу палітычных зняволеных. Абодвух прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 341, частка 1 артыкула 14, частка 2 артыкула 218, частка 2 артыкула 295-3.

27 сакавіка Мінскі гарадскі суд змяніў прысуд суда Савецкага раёна: Емяльянаву – 4 гады пазбаўлення волі, Комару – 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі.

Праваабарончая супольнасць прызнала Мікіту Емяльянава і Івана Комара палітычнымі вязнями.

“Не бачу сэнса штосьці прасіць, – напісаў Мікіта Емяльянаў у лісце свайму сябу Змітру Паліенку. – Паліць турму, каб затым пісаць прашэнне аб памілаванні? Гэта смешна і нелагічна.

Калі ўжо змагацца за волю, то трэба змагацца, а не памілаванні пісаць. Трэба патрабаваць, а не прасіць. Такую пазіцыю я лічу годнай і правільнай для сябе. Не ведаю толькі, як бацькі паставяцца да майго выбару, але я так вырашыў. Прыйдзецца трымацца”.

Палітвязень паведаміў таксама, што “каранавірус да да нас пакуль не дайшоў, хаця кажуць, што перадачы нечым апрацоўваюць”.

“Спатканні таксама пакуль не забаронены, бо ўсё роўна размаўляць даводзіцца па тэлефоне”, – дадае Мікіта Емяльянаў.

palitviazni.info