Беларускія турмы і каронавірус



На фоне апакаліптычных навінаў неяк у ценю застаюцца іншыя, не менш важныя грамадскія і палітычныя праблемы, якія ў дакаранцінную эпоху былі ў топе абмеркаванняў грамадскасці. Вось, скажам, сітуацыя з актывістам Піліпам Шаўровым, які каля двух месяцаў знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Праваабаронцы паведамляюць, што справу Піліпа Шаўрова па дзвюх частках артыкула 339 Крымінальнага Кодэксу (хуліганства) перадалі ў суд Цэнтральнага раёна Менска. Нагадаем, хлопца пераследуюць за палітычна-мастацкі перформанс супраць русіфікацыі. У пачатку года Піліп Шаўроў чырвонай фарбай размаляваў кісці рук на скульптуры расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну. Праз нейкі час сам зрабіў яўку з павіннай. Гэты ўчынак маладафронтаўца выклікаў дыяметральна супрацьлеглыя рэакцыі. У беларускіх патрыётаў, вядома, акцыя знайшла разуменне. Грамадзяне з прарасейскімі поглядамі расфарбоўванне рук Пушкіну ўспрынялі як замах на самае святое, што ў іх ёсць – на расейскую мову. Такая абвостраная рэакцыя часткі грамадства на правакатыўны перформанс паказала, што яго ініцыятар трапіў у дзясятку, дабіўся мэты справакаваць абмеркаванне паўсюднай дамінацыі ў Беларусі расейскай мовы.

Нягледзячы на тое, што акцыя не несла пагрозаў грамадскай бяспецы, Піліпа Шаўрова могуць асудзіць на 6 гадоў калоніі. Цана пытання нанясення шкоды скульптуры роўная кошту бутэлькі бюджэтнага растваральніка для фарбы і пары гадзін працы аднаго сталічнага камунальніка. Вынясенне такога жорсткага прысуду ва ўмовах пандэміі каронавірусу ў свеце стане чарговай ганьбай беларускай дзяржаўнай сістэмы. Відавочна, што нават пры самым перадузятым стаўленні да ўчынку Піліпа Шаўрова асуджэнне яго на 6 гадоў зняволення – яўна непрапарцыйная мера. Апроч таго, ва ўмовах пандэміі знаходжанне вялікай колькасці людзей у закрытых памяшканнях можа прывесці да катастрофы. На сённяшні дзень турмы – гэта патэнцыйныя бактэрыялагічныя бомбы. Рана ці позна носьбіты каронавіруснай інфекцыі з ліку тых жа супрацоўнікаў турмаў перанясуць пошасць зняволеным. На гэтым фоне перапоўненыя беларускія турмы людзьмі, якія не прадстаўляюць небяспекі грамадству, выглядаюць асабліва дзіка.

Уплывовыя сусветныя інфармацыйныя агенцыі на гэтым тыдні паведамлялі, што з улікам небяспекі распаўсюду каронавірусу ў турмах ЗША, Францыя і шэраг іншых дзяржаваў пайшлі на перавод тысяч вязняў на дамашні арышт. Цікава, што нават аўтарытарны Іран пайшоў на беспрэцэдэнтны крок, вызваліўшы 85 тысяч чалавек у мэтах прафілактыкі каронавірусу. Беларусь, у адрозненне ад пералічаных дзяржаваў, працягвае рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Дакладней, сякія-такія меры адміністрацыямі турмаў былі прынятыя. Гаворка ідзе пра часовую забарону на спатканні са сваякамі. Аднак прагназаваным вынікам такіх мер стане не прафілактыка каронавірусу ў турмах, а пагаршэнне становішча вязняў. Ужо колькі разоў пісалася і гаварылася пра тое, што ў беларускіх вязніцах сядзяць тысячы, калі не дзясяткі тысячаў грамадзянаў, якія адбываюць тэрміны паводле эканамічных альбо няцяжкіх артыкулаў Крымінальнага Кодэксу. Чаму б іх не выпусціць на волю, абгрунтаваўшы такое рашэнне пандэміяй каронавірусу ці 75-годдзем Перамогі ў ІІ Сусветнай вайне?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ