У Беларусі пацверджаны 861 выпадак COVID-19



У Беларусі на 7 красавіка пацверджаны 861 выпадак інфекцыі COVID-19: шпіталізаваныя 794 чалавекі, ачунялі – 54, памерлі – 13, вынікае са звестак, размешчаных на стопcovid – афіцыйным інтэрнэт-рэсурсе для інфармавання па пытаннях каронавірусу.

Паводле дадзеных на 6 красавіка, у краіне было пацверджана 700 выпадкаў COVID-19, у стацыянарах знаходзілася 634 чалавекі. Такім чынам, колькасць людзей у стацыянарах за суткі вырасла на 160, памерлых – не змянілася.

Больш за ўсё выпадкаў каронавірусной інфекцыі зарэгістравана ў Менску: шпіталізаваныя 497 чалавек, 25 – ачунялі, 5 – памерлі. У Віцебскай вобласці на стацыянарным лячэнні знаходзяцца 143 чалавекі, 27 – ачунялі, 5 – памерлі.

Тры шпіталізацыі адзначаныя ў Берасцейскай вобласці; у Гомельскай вобласці ў лякарнях знаходзяцца 32 чалавекі, 1 – вылечаны; у Гарадзенскай – 10 шпіталізаваных; у Менскай – 91 чалавек у лякарнях, 1 – ачуняў, 3 – памерлі; у Магілёўскай вобласці ў лякарнях знаходзіцца 18 чалавек.

7 красавіка на нарадзе аб сітуацыі з распаўсюджваннем каронавірусу Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць пазбягання лавінападобнага скачка захворвання. «Хварэць мы будзем. Толькі пажадана, каб не было лавінападобнага скачка па захворванні, каб гэтая лінія прайшла як мага бліжэй да гарызанталі. Пакуль сістэма аховы здароўя з гэтым спраўляецца. У нас сёння 794 чалавекі шпіталізаваныя, 31 – на ШВЛ. Катастрофы абсалютна няма», – падкрэсліў ён.

«Мы павінны змагацца за кожнага чалавека, асабліва калі гаворка ідзе пра старых, – дадаў Лукашэнка. – І калі мы хочам, каб потым нашы дзеці нас аберагалі і змагаліся за наша жыццё, мы павінны змагацца за жыццё кожнага старога, таму што, да няшчасця, гэты вірус б’е перш за ўсё па старых і па тых, хто слаба абаронены імуннай сістэмай».

Кіраўнік дзяржавы таксама заклікаў кожнага выконваць свой абавязак. «Калі я нешта магу для вас зрабіць, калі ласка, скажыце. Я ўжо міністру казаў: «Трэба, Уладзімір Сцяпанавіч (міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. – БелаПАН.), значыць, з табой пойдзем лячыць людзей. Толькі ты мне скажы, што я там павінен рабіць«. »Кожны павінен займацца сваёй справай, без панікі, спакойна і прыгожа, – сказаў Лукашэнка. – Мы павінны з вамі перамагчы прыгожа. Мы павінны выратаваць людзей годна. Кожны чалавек не павінен думаць, што ён туды трапіў з гэтым вірусам, што ён – смяротнік. Не, усіх выратуем, каго толькі можна. І вы для гэтага павінны зрабіць усё, таму давайце сурʼёзна абмяркуем гэтую праблему».

БелаПАН