Беларускі футбол залежыць ад слова Лукашэнкі?



Чэмпіянат Беларусі – адзін з нешматлікіх у свеце, які не прыпыніўся праз пандэмію каронавірусу. Беларуская федэрацыя футболу адклала матчы юнацкага і дзіцячага чэмпіянатаў, але дарослыя каманды працягваюць прыходзіць на стадыёны.

Фота rh.by

Наколькі на рашэнні спартовых федэрацый у гэтай справе ўплывае асабіста Лукашэнка? Пра гэта кажа вядомы спартовы аглядальнік Аляксандр Пуціла:

– Што мяне цешыць, у нас няма цэнтралізаванага загаду ўсім відам спорту гуляць свае чэмпіянаты. Ёсць і адступленні, гэта прыемна вельмі, што баскетбольшая федэрацыя і валейбольная федэрацыя ідуць не за меркаваннямі Лукашэнкі, а ідуць за парадамі сваіх міжнародных федэрацый. Прычым не да асаблівага нейкага распараджэння, усё на ваш водкуп: хочаце – праводзьце, хочаце – не, але добра, што ўсім Лукашэнка не можа загадаць.

У той жа час беларускія футбольныя клубы сталі пазнавальнымі за мяжой. У Англіі і нават, у Аўстраліі і Злучаных Штатах створаны адмысловыя старонкі, прысвечаныя атрыбутыцы і матчам некаторых беларускіх футбольных каманд. Аднак Аляксандр Пуціла лічыць, што гэта не паўплывае ў далёкай перспектыве на папулярнасць і тым больш узровень чэмпіянату Беларусі.

– Не будзем мы папулярнымі – няма якасці футбола, няма хуткасцяў, няма высокага тэхнічнага ўзроўню. Гэта аніяк не паўплывае і не паспрыяе падняццю ўвагі да беларускага футбола. Самі футбалісты, дарэчы, разумеюць і кажуць пра гэта, футбалісты нацыянальнай зборнай кажуць, што мы разумеем, на якім мы месцы ў сусветным футболе.

За мяжой глядзяць беларускі чэмпіянат толькі футбольныя заўзятары, якія ўпершыню апынуліся ў сітуацыі, калі нідзе больш у свеце не праходзяць матчы. Таму прагляды матчаў чэмпіянату Беларусі ў далёкіх краінах з’ява часовая, — дадаў Аляксандр Пуціла.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя