О, новы дзіўны Менск!
У Менску ўступіў у сілу план жыцця горада з мэтай прафілактыкі і зніжэння распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19.
Актуальны стан мераў і падзеяў на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:
З гэтага ранку сталічныя прадпрыемствы і арганізацыі павінны не дапускаць да працы супрацоўнікаў з прыкметамі рэспіраторных інфекцый.
Адмяняецца правядзенне выстаў, прэзентацый, кірмашоў і іншых публічных мерапрыемстваў. Усе камандзіроўкі адменены.
Нарады, семінары, пасяджэнні, лекцыі ў ВНУ мусяць праводзіцца дыстанцыйна.
Дзіцячыя сады і школы наведваюцца дзецьмі па жаданні бацькоў, пры гэтым перамяшчэнне навучэнцаў абмяжоўваецца адной групай ці класам.
На выхадных студэнты павінны знаходзіцца па месцы пражывання — дома ці ў інтэрнаце, і не пакідаць яго.
У гатэлях адміністрацыя павінна забяспечыць засяленне з максімальным аддаленнем і штодзённай праверкай стану здароўя пастаяльцаў.
Сталічны бізнэс вывучае тры варыянты развіцця падзей ў сусветнай эканоміцы і іх уплыў на Беларусь ад інвесткампаніі Capital Times. Найбольш імаверна выглядае змякчэнне фіскальнай палітыкі, павышэнне стаўкі рэфінансавання і прадастаўленне крэдытных канікул суб’ектам. Пры гэтым прагназуецца паніжэнне ВУП на 6% у 2020 годзе і рост спажывецкай інфляцыі на 12 % адпаведна.
За апошнія содні ў Менску смерцяў ад інфекцыі COVID-19 не зарэгістравана.
Працягваецца збор сродкаў і валанцёраў праз сайт bycovid19.com. Мtнчане папоўнілі запасы пітной вады для 10-га шпіталя горада. Кампаніі «Электрасіла» і «Пяты элемент» перадалі пральныя машыны ў сем шпіталяў Менску. Сталічная «Е-дастаўка» возьме да сябе згубіўшых працу афіцыянтаў і барыста.
Беларускае Радыё Рацыя