Саўмін вызначыў паняцце „самаізаляцыя” і катэгорыі грамадзян, абавязаных яе выконваць



Савет міністраў пастановай ад 8 красавіка „Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства” юрыдычна аформіў і растлумачыў паняцце „самаізаляцыя”, якая прымяняецца як мера супраць распаўсюджвання каранавіруса COVID-19. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Самаізаляцыяй названая „сістэма мерапрыемстваў, якія забяспечваюць ізаляцыю (у хатніх ці іншых умовах) асоб, якія прыбылі з эпідэмічна неспрыяльных краін, альбо асоб, якія мелі або маглі мець кантакты з асобамі, якія маюць інфекцыйныя захворванні, і (альбо) асобамі — носьбітамі ўзбуджальнікаў такіх інфекцыйных захворванняў, і (альбо) асобамі, якія знаходзяцца ў стадыі выздараўлення пасля перанесеных інфекцыйных захворванняў”.

Самаізаляцыі падлягаюць грамадзяне, якія маюць інфекцыю COVID-19; якія адносяцца да кантактаў першага ўзроўню з асобамі, якія маюць інфекцыю COVID-19 (на працягу 14 каляндарных дзён з даты апошняга кантакту); якія адносяцца да кантактаў другога ўзроўню з асобамі, якія маюць інфекцыю COVID-19, пры наяўнасці аднаго або некалькіх рэспіраторных сімптомаў (на перыяд іх наяўнасці). Грамадзяне, якія прыбылі з краін, дзе фіксуюцца выпадкі заражэння COVID-19, таксама павінны самаізалявацца на 14 дзён.

Тэрміны знаходжання грамадзян у самаізаляцыі могуць быць прадоўжаны па рашэнні арганізацыі аховы здароўя, якая ажыццяўляе медыцынскае назіранне за грамадзянінам.

Крытэрыі аднясення грамадзян да асоб, якія маюць кантакты першага і другога ўзроўню, устанаўліваюцца Міністэрствам аховы здароўя. Факт наяўнасці ў грамадзяніна кантакту і яго ўзровень павінны быць пацверджаны „службовымі асобамі органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць кіраванне дзейнасцю ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва”.

Кіроўцы транспартных сродкаў пасля завяршэння Міжнароднай аўтамабільнай перавозкі грузаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама кіроўцы, замена якіх адбылася пры выкананні транзітнай перавозкі, з краін, на тэрыторыі якіх рэгіструюцца выпадкі COVID-19, абавязаны выконваць устаноўленыя заканадаўствам патрабаванні знаходжання ў самаізаляцыі да пачатку наступнай перавозкі (рэйса) альбо на працягу 14 дзён.

Грамадзяніну, які падлягае самаізаляцыі, уручаецца патрабаванне аб захаванні правіл паводзін у самаізаляцыі. У патрабаванні ўказваюцца пашпартныя дадзеныя грамадзяніна, яго месцажыхарства, утрымліваецца папярэджанне, што невыкананне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў „мае вынікам прыцягненне да адміністрацыйнай (штраф да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт) альбо крымінальнай (аж да пазбаўлення волі) адказнасці”.

Грамадзянам (за выключэннем тых, што прыбылі з-за мяжы), выдаецца лісток непрацаздольнасці на перыяд знаходжання ў самаізаляцыі. У выпадку парушэння патрабавання аб самаізаляцыі дапамога па часовай непрацаздольнасці прызначаецца ў памеры 50% ад дапамогі, падлічанай у адпаведнасці з заканадаўствам.

Грамадзяне, якія знаходзяцца ў самаізаляцыі, абавязаны не пакідаць месца пражывання (знаходжання), у тым ліку не наведваць месцы працы (вучобы), аб’екты гандлю і грамадскага харчавання, спартыўныя, выставачныя і канцэртныя залы, кінатэатры, вакзалы і іншыя месцы масавага знаходжання людзей, за выключэннем наступных выпадкаў крайняй неабходнасці (наведванне найбліжэйшых харчовай крамы або аптэкі для набыцця неабходных тавараў; вынас бытавых адходаў у найбліжэйшае месца збору адходаў). Пры выхадзе з жылога памяшкання ў выпадках крайняй неабходнасці такія грамадзяне абавязаны выкарыстоўваць маску і не дапускаць кантактаў з іншымі асобамі.

Грамадзяне, якія знаходзяцца ў самаізаляцыі, абавязаны паведаміць наймальніку пра прычыну адсутнасці на працы; выключаць карыстанне паслугамі, якія прадугледжваюць кантакты з іншымі асобамі, акрамя выпадкаў, калі такія паслугі патрабуюцца для забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці; у выпадку пагаршэння стану здароўя (павышэнне тэмпературы цела да 37°C і вышэй, з’яўленне кашлю, дыхавіцы) звярнуцца ў хуткую дапамогу па тэлефоне 103 або адправіўшы SMS, „паведаміўшы пры гэтым пра знаходжанне ў самаізаляцыі”.

Міністэрству аховы здароўя даручана ў трохдзённы тэрмін прыняць меры па рэалізацыі пастановы, якая будзе дзейнічаць „да асаблівага рашэння ўрада”.

7 красавіка на нарадзе аб сітуацыі з распаўсюджваннем каранавіруса Аляксандр Лукашэнка заявіў, што кантакты першага і другога ўзроўню павінны быць на самаізаляцыі, а не ў бальніцах, калі тэсты на каранавірус даюць адмоўны вынік. Пры гэтым ён не выключыў узмацнення жорсткасці патрабаванняў да тых, каго адправілі на самаізаляцыю: „Калі хочаце, давайце зробім больш жорсткімі патрабаванні да тых, каго вы адправіце на самаізаляцыю. Мы праверылі аднойчы: іх адправілі дадому, але жорсткага заканадаўчага акта няма, і 400 чалавек дома не знайшлі. Мы можам узмацніць жорсткасць так, што ў вачах пацямнее”. На нарадзе было адзначана, што прапрацоўваецца адпаведны прававы акт.

belapan.by