Аляксей Шота: Стараемся спраўджваць інфармацыю і не друкаваць чуткі
У час каронавірусу ў рэдакцыі незалежных СМІ прыходзіць шмат розных чутак і няспраўджанай інфармацыі.
Рэдактар гарадзенскага выдання Hrodna.life Аляксей Шота падзяліўся сваім досведам працы ў такіх умовах:
– Ну мы вельмі асцярожныя, канешне. Зараз, дзякуй богу, стала больш інфармацыі. Пару тыдняў таму было складаней. Зараз больш магчымасцяў. Таму што дэлегацыя СААЗ была ў Беларусі. І Мінздароўе пачало больш адэкватна даваць інфармацыю. БелТА стварыла адмысловы сервіс, дзе агрэгуюць апошнія навіны. Зараз стала прасцей. Канешне, інфармацыя яшчэ не зусім дакладная. Няма разбіўкі па раёнах. Інфармацыя вельмі агульная. Я так разумею, што не будуць даваць інфармацыю больш дэтальна.
На думку журналіста, штодзеннная праца выдання дае свае прыклады, напрыклад, захворванні ў Астраўцы.
– Стараемся асцярожнічаць. Калі інфармацыя не пацверджаная, то лепш яе не даваць. Учора быў выпадак па Астраўцы. Усе спрацавалі аператыўна, і мы ў тым ліку. Знайшлі ў сацыяльных сетках людзей адтуль, атрымалі інфармацыю з месца. Удакладнілі, параўналі з афіцыйнай. І апублікавалі: што кажуць людзі праз тэлеграм-канал і што афіцыйная інфармацая дае. Толькі так, супастаўляючы дадзеныя, можна інфармаваць, каб не падставіць саміх сябе.
Аляксей Шота ўпэўнены, што незалежныя СМІ не павінны друкаваць чуткі, а толькі спраўджаную і аб’ектыўную інфармацыю.
Беларускае Радыё Рацыя