Беларусь дамагаецца перагляду цаны на пастаўку расейскага газу ў 2020 годзе



Беларусь ініцыявала перад расейскай энергетычнай кампаніяй „Газпром” пытанне пра перагляд цэн на прыродны газ, які пастаўляецца ў 2020 годзе, паведаміў 9 красавіка на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

Чыноўнік прадстаўляў дэпутатам праект закона „Аб ратыфікацыі пратакола аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі аб парадку фарміравання цэн і тарыфаў пры пастаўцы прыроднага газу і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, ад 25 лістапада 2011 года”.

Каранкевіч нагадаў, што згаданы пратакол быў падпісаны 2 сакавіка „па выніках неаднаразовых перамоў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Беларусі і Расеі”. З беларускага боку яго падпісаў пасол у РФ Уладзімір Сямашка, з расійскай — міністр энергетыкі Аляксандр Новак.

„Пратакол працягвае на 2020 год парадак устанаўлення цаны на газ для Рэспублікі Беларусь, які дзейнічаў у 2018 і 2019 гадах — адзначыў кіраўнік Мінэнерга. — У адпаведнасці з ім цана на газ для Беларусі вызначаецца ў пратаколе паміж урадам Беларусі і ПАТ „Газпром”. Адпаведны пратакол з ПАТ „Газпром” быў падпісаны 14 лютага 2020 года. Пратакол з ПАТ „Газпром” прадугледжвае, што ў 2020 годзе цана на газ для Беларусі будзе фарміравацца як здабытак цаны на газ, разлічанай у адпаведнасці з часткамі 1 і 6 артыкула 3 пагаднення аб цэнах на газ ад 2011 года, на паніжальны каэфіцыент, памер якога павінен забяспечваць цану на газ у 2020 годзе на ўзроўні 127 долараў за тысячу кубаметраў”.

Каранкевіч звярнуў увагу на тое, што ў выпадку непадпісання міжурадавага пратакола і пратакола з ПАТ „Газпром” цана на прыродны газ для Беларусі „разлічвалася б без прымянення паніжальнага каэфіцыента і магла скласці з 1 студзеня 2020 года каля 150 долараў за тысячу кубаметраў”.

„Цяпер прасочваецца ярка выяўленая дынаміка зніжэння сусветных цэн на энергетычныя рэсурсы, у тым ліку на прыродны газ. У гэтых абставінах ініцыяванае беларускім бокам перад ПАТ „Газпром” пытанне пра пераглядз цаны на прыродны газ, які пастаўляецца ў 2020 годзе ў Беларусь. У якасці аднаго з механізмаў перагляду прапанавана магчымасць куплі пэўных аб`ёмаў газу на біржавых пляцоўках па канкурэнтных цэнах. Пры гэтым істотныя ўмовы рэалізацыі гэтага механізму будуць прадметам перамоў з расейскім бокам, якія маюць адбыцца”, — падкрэсліў міністр энергетыкі Беларусі.

5 красавіка ў інтэрв`ю тэлеканалу СТВ пасол Расеі Дзмітрый Мезенцаў заявіў, што, нягледзячы на зніжэнне сусветных цэн на газ, цэны на яго пастаўкі ў Беларусь перагледжаны не будуць, таму што „раз падпісана пагадненне — яно павінна выконвацца”. Пры гэтым ён не выключыў, што дамоўленасці могуць быць перагледжаныя на перамовах.

belapan.by