Мінздароўя не супраць дыстанцыйнага навучання



Міністэрства аховы здароўя не супраць пераводу студэнтаў ВНУ на дыстанцыйнае навучанне пры захаванні некаторых умоў, заявіў кіраўнік ведамства Уладзімір Каранік, адказваючы на пытанні дэпутатаў 9 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў.

„Калі Міністэрства адукацыі можа гарантаваць, што студэнты застануцца па месцы адукацыі, а не раз’едуцца па ўсёй краіне, то мы не супраць дыстанцыйнага навучання, — сказаў ён. — Мы можам гарантаваць, што, калі мы закрыем навучанне, яны не раз’едуцца па ўсёй краіне і не пачнуць ладзіць вечарыны, абменьваючыся не толькі каранавірусам, але і грыпам і іншым? Схадзіце ўвечары на Зыбіцкую. Там што, ціха і спакойна? Я разумею, што калі мы закрыем Зыбіцкую, то гэтыя людзі ўсё роўна не перастануць тусавацца, яны проста памяняюць месца”.

Пры гэтым Каранік адзначыў, што, згодна з некаторымі звесткамі, закрыццё ўніверсітэтаў павялічвае колькасць кантактаў у гэтай групе на 25%. Студэнты ў асноўным безадказна ставяцца да рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя, скіраваных на прадухіленне распаўсюджвання каранавіруса, заявіў міністр.

„Мы шукаем найбольш эфектыўныя метады ўздзеяння, — сказаў ён. — У нас быў вопыт пераводу БНТУ на дыстанцыйнае навучанне. Да чаго гэта прывяло? Пасля гэтага мы сутаргава ноччу перадавалі спіс студэнтаў БНТУ, якія раз’ехаліся па ўсіх гарадах і вёсках. Іх у розныя бальніцы было шпіталізавана больш за 200 чалавек, таму што была фраза, што з самымі малымі прыкметамі ВРВІ яны павінны шпіталізавацца. Іх папярэдзілі: не выязджаць з Мінска, бо на той момант лабараторыя (для тэставання на каранавірус. — БелаПАН.) была толькі ў Мінску. Але ўсе паківалі галавой і раз’ехаліся. У выніку мы праз усю краіну вазілі пробы, кантралявалі, дзе хто знаходзіцца, назіралі”.

Каранік адзначыў, што ўжо даўно адмененыя патокавыя лекцыі, рэкамендаваныя заняткі ў малых групах альбо дыстанцыйныя.

„Мы гатовыя да любых канструктыўных, навукова абгрунтаваных рашэнняў, — сказаў міністр. — Калі будуць бачныя прыкметы перагрузкі сістэмы аховы здароўя, то зразумела, што мы будзем ставіць пытанне аб больш жорсткіх мерапрыемствах па раз’яднанні людзей. Але калі мы будзем выконваць хоць бы мінімальныя рэкамендацыі таго, што просяць эксперты… Няўжо цяжка знаходзіцца на адлегласці паўтара-два метры адзін ад аднаго каля касы? Няўжо цяжка кудысьці не схадзіць, калі не патрэбныя кантакты, а калі пажылы чалавек, то не хадзіць па гандлёвых цэнтрах і не шукаць, дзе танней? Пасядзіце дома. Людзям трэба ўспомніць, што ёсць састарэлыя сваякі, якім трэба проста завезці прадукты. Мы павінны найперш цяпер клапаціцца адзін пра аднаго”.

belapan.by

Фота pnzgu.ru