СААЗ рэкамендуе Беларусі ўзмацніць меры сацыяльнага дыстанцыявання
На гэтым этапе развіцця сітуацыі з каронавірусам у Беларусі Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе ўладам узмацніць меры сацыяльнага дыстанцыявання, заявіў афіцыйны прадстаўнік СААЗ у краіне Батыр Бердыклычаў, выступаючы 9 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў.
Ён падкрэсліў, што гэта неабходна зрабіць да таго, як у краіне наступіць пік захворвання.
Як паведаміў сёння ў парламенце міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, згодна з разлікамі міністэрства, пік захворвання каронавірусам у Беларусі чакаецца ў канцы красавіка – пачатку мая.
«Мы знаходзімся ў цесным і пастаянным кантакце з Міністэрствам аховы здароўя. Шмат у чым бачанне і разуменне развіцця сітуацыі з каронавіруснай інфекцыяй у нас сыходзяцца, – сказаў Бердыклычаў. – У краіне на запрашэнне ўрада працуе экспертная місія СААЗ, якая больш дэталёва зірне на сітуацыю і меры, што прымаюцца, і ў суботу яны змогуць зрабіць папярэдняе заключэнне і даць рэкамендацыі».
Ён адзначыў, што меры, якія былі прынятыя ў Беларусі ў самым пачатку эпідэміі (ранняе выяўленне кантактаў, тэставанне, шпіталізацыя, адсочванне кантактаў і іх ізаляцыя), – гэта ключавыя рэкамендацыі СААЗ, якія дазваляюць прадухіліць распаўсюджванне і перадачу інфекцыі.
«Можна сказаць, што дзякуючы гэтым мерам, а таксама мерам па прафілактыцы завозу з эпідэміялагічна праблемных краін сітуацыю ўдавалася стрымліваць пад дастатковым кантролем – выпадкаў было да 100 (што даволі малая колькасць) да канца сакавіка, – сказаў Бердыклычаў. – З канца сакавіка мы пачынаем назіраць досыць рэзкі рост новых выпадкаў – са ста да больш за тысячу ў гэты момант. На жаль, ёсць смяротныя выпадкі. Калі паглядзець на статыстыку па краінах, якія прайшлі далей у гэтым працэсе, пачынаючы з 4-5-6-га тыдня ва ўсіх краінах назіраецца такі экспаненцыйны рост новых выпадкаў, а пачынаючы з 8-га тыдня краіны падыходзяць да так званага піку».
Прадстаўнік СААЗ адзначыў, што на гэтым этапе развіцця сітуацыі з каронавірусам патрабуецца карэктаванне мер, што прымаюцца ў Беларусі. Бердыклычаў згодны з прагнозам Караніка пра тое, што піку захворвання можна чакаць у канцы красавіка – пачатку мая.
«Але калі менавіта прыйдзе пік эпідэміі і наколькі гэты пік будзе вялікі, якая колькасць выпадкаў, якая будзе колькасць пацыентаў – асабліва тых, што будуць мець патрэбу ў рэанімацыйнай дапамозе, – гэта будзе залежаць ад таго, якія меры прымаюцца цяпер», – падкрэсліў Бердыклычаў.
Паводле яго слоў, вельмі важна працягваць меры па ізаляцыі, выяўленні, лячэнні і адсочванні кантактаў. «Але па меры развіцця сітуацыі, вядома, узнікае пытанне аб паступовым увядзенні мер сацыяльнага ізалявання, – сказаў прадстаўнік СААЗ. – Яны могуць быць рознымі, там вельмі шырокі спектр – ад захавання дыстанцыі да пераводу на дыстанцыйнае навучанне ВНУ і школ, адмены масавых мерапрыемстваў і, скажам так, татальны каранцін. Рашэнне такое – гэта, вядома, па-за межамі сектара аховы здароўя. Гэта прэрагатыва ўрада. І такое рашэнне дастаткова балючае і складанае, таму што трэба ўзяць пад увагу ўсе фактары: эпідэміялагічнае становішча, магчымасці сістэмы аховы здароўя, сацыяльна-эканамічныя пытанні».
Важна разумець, падкрэсліў Бердыклычаў, што самі па сабе каранцінныя меры не спыняюць перадачу віруса. «Іх мэта – запаволіць рост інфекцыі і даць магчымасць падрыхтавацца сістэме аховы здароўя, – сказаў ён. – У Беларусі на сённяшні дзень яшчэ ёсць час. Ён досыць абмежаваны, гэта можа быць і тыдзень да таго моманту, калі, як мы чакаем, адбудзецца гэты наплыў. Магчыма, меры сацыяльнага дыстанцыявання сапраўды важна разгледзець. Вопыт іншых краін паказвае, што больш ранняе ўкараненне гэтых мер можа выратаваць жыцці проста таму, што сістэма аховы здароўя здолее аказаць дапамогу большай колькасці людзей».
У СААЗ з задавальненнем адзначаюць, што палепшылася інфармаванне насельніцтва аб эпідэміялагічнай сітуацыі. «Магчыма, на гэтым этапе гэтага недастаткова, таму што проста інфармаванне аб колькасці і размеркаванасці выпадкаў па абласцях – гэта адна частка праблемы, – сказаў Бердыклычаў. – Другая частка – гэта інфармаванне аб прынятых або непрынятых мерах. Напрыклад, растлумачыць, чаму не патрэбен каранцін на гэтым этапе, ці чаму ён патрэбен. Неразуменне не злучае людзей у вырашэнне праблемы. Калі чалавек не разумее важнасць і неабходнасць самаізаляцыі, ён не ставіцца да гэтага сур’ёзна».