Тадэвуш Кандрусевіч: Чалавек мусіць спазнаваць свет верай і розумам



Пра месца чалавека ў свеце і месца Касцёла ў чалавеку на фоне пандэміі каронавірусу гаворым з «Госцем Рацыі», арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Фота katolik.life

РР: Зараз многія аналітыкі фіксуюць карэнныя трансфармацыі эканомікі, грамадства, дзяржавы. На Ваш пункт гледжання, што чакае Касцёл у посткаронавірусным свеце – заняпад ці адраджэнне?

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Змяняецца свет, зменіцца і Касцёл. Напэўна, ужо свет не будзе такім, якім ён ёсць сёння. Бо праблема каронавіруса ўскрыла шмат іншых праблемаў: сацыяльных, палітычных, грамадскіх. І паўсюдная глабалізацыя паказала, што яна не жыцейная, што яна не здае экзаменаў. Паглядзім на Еўразвяз. Хто цяпер каго бароніць? Кожная краіна глядзіць сябе, кожны глядзіць у свой агарод. Усе забыліся пра іншых. Адзін другога абвінавачваюць, што мала дапамагаюць, што адкрытай салідарнасці няма. Гэта быў штучны твор, як і Савецкі Саюз. Гэта, напэўна, будзе пераасмысленне таго, што было, гэтага сусветнага парадку.

Гэты каронавірус ускрыў і духоўныя праблемы. Чалавек паставіў сябе на месца Бога – я ўсё магу, мне Бог не патрэбны. Не можаш! Маленькі нябачны вірус паставіў на калені самыя багатыя краіны свету: ЗША, Італію, Францыю, Германію, Іспанію. І як выйсці з гэтай сітуацыі, не ведаем.

З іншага боку, гэтыя захады, якія прымаюцца некаторымі дзяржавамі, гэтая ізаляцыя ці самаізаляцыя чалавека, шмат чаму вучыць. Сям’і, як такой, у нас ужо амаль што не было. Памяшканне, дзе жыве сям’я, – гэта як нейкі інтэрнат. Усталі ўсе раніцай, да працы пайшлі, у школу, ва ўніверсітэт пайшлі, прыехалі. Фастфуды паўсюль, супольнага стала амаль што няма. Нават, калі ёсць, то селі, з’елі хуценька і кожны па сваіх куточках у інтэрнэце сядзіць. Бацькі і дзеці не паміж сабой размаўляюць, а з інтэрнэтам. А калі паміж сабой, то таксама выкарыстоўваюць інтэрнэт. Сёння сітуацыя змусіла нас прыйсці і сесці разам.

Мы таксама ведаем, што жыццё апошнім часам стала таварам. Сёння, калі мы бачым дзясяткі тысяч тых, якія загінулі і гінуць кожны дзень, задаемся пытаннем, што жыццё гэта не тавар – гэта божы дар. І шмат іншых пытанняў, на якія трэба адказаць.

Сёння туга па Богу. Шмат людзей глядзяць трансляцыі богаслужэнняў. Але глядзець, гэта мала. Трэба маліцца разам. Будуць набажэнствы Пасхальнага тыдня. І, я думаю, павінна наступіць нейкае адраджэнне. Кожны павінен нанова асэнсаваць значэнне веры ў сваім жыцці, што я – не ўсемагутны Бог, а толькі слабы чалавек. І ў маім жыцці недастаткова развіцця навукі, тэхналогіі і так далей, што таксама патрэбна, без гэтага немагчыма жыць. Але гэтае развіццё трэба базаваць на фундаменце Евангелля, на маральных нормах.

Хачу павіншаваць усіх з надыходзячымі святамі! З Пасхай Хрыстовай! Хто католік, будзе святкаваць праз некалькі дзён. Хто праваслаўны, будзе святкаваць пазней. Хто няверуючы, ну, няхай таксама ўспрыме мае зычэнні. Хрыстос уваскрос!

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск