Сяржук Вітушка – госць з мінуўшчыны ці будучыні?
10 красавіка 55 гадоў споўнілася б Сержуку Вітушку (1965-2012) – кіраўніку суполкі “Талака”.
На фота: Менск, 1987 год, Курасоўшчына, „Белая дача”, Сяржук Вітушка ладзіць батлеечны спектакль. Аўтар здымка: Уладзімір Сапагоў.
У 1985-1986 гадах у Беларусі ўзніклі нацыянальна-арыентаваныя нефармальныя аб’яднанні: „Талака” Менск і Гомель, „Замчышча” (Рагачоў), „Поўня” (Светлагорск), „Повязь” (Ворша), „Паходня” (Гародня), „Узгор ’ е „(Віцебск), «Край» (Берасце),” Рунь „(Ліда), «Маладзік» (Полацк). Іх удзельнікі займаліся асветніцкай, гістарычна-рэстаўрацыйнай дзейнасцю, адраджалі нацыянальныя святы, арганізоўвалі краязнаўчыя экспедыцыі, літаратурныя вечарыны, збіралі подпісы за адукацыю на беларускай мове.
На фота: Купалле, Строчыцы, 1987 год. Аўтар здымка: Уладзімір Сапагоў.
Створаная ў 1985 годзе ў Менску „Талака” была самай масавай суполкай, а яе лідарам быў Сяржук Вітушка.
На фота: Купалле, Строчыцы, 1987 год. Аўтар здымка: Уладзімір Сапагоў.
На фота: 25 чэрвеня 1991 года, адкрыццё філіі музея Максіма Багдановіча „Беларуская хатка”. Аўтар здымка: Уладзімір Пучынскі.
На фота: Менск, Парк Чалюскінцаў 1990 год, Дзяды”, усталяванне помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Аўтар здымка: Уладзімір Сапагоў.
З Сержуком Вітушкам мы пазнаёміліся летам 1986 года на раскопках Дамініканскага касцёлу ў Менску. У цэнтры горада на рагу Інтэрнацыянальнай і Энгельса, за плотам будоўлі Палаца рэспублікі археолагі даследвалі падмуркі касцёла 17-га стагоддзя. Я ўладкавалася ў архітэктурна-археалагічны атрад “Верхні горад” у чэрвені 1986-га і працавала штодня, а па суботах з’яўляліся талакоўцы на чале з Сержуком Вітушкам. Кіраваў раскопкамі Зянон Пазняк – на той час супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР. Раскоп у цэнтры Менска быў як партал у іншы час – праз друз і разбітую цэглу мы заглыбляліся ў мінуўшчыну, знаходзілі рэшткі папярэдняй цывілізацыі. Фрагменты паліхромнай кафлі з выявай ці то цмока, ці то Пагоні. Мы дакапалі да пахаванняў у сутарэннях, дзе ляжалі былыя жыхары горада. Блакітныя пацеркі былі ў адной са спарахнелых трунаў. І на гэтай мяжы часоў і эпох – Сяржук Вітушка, светлы чалавек быццам бы не з нашага (тады 20-га стагоддзя). Шмат хто казаў: “Падобны на Максіма Багдановіча”.
А ў 1991 годзе Сяржук Вітушка па запрашэнні Алеся Бяляцкага прыйшоў на працу ў філію Літаратурнага музея Максіма Багдановіча – у “Беларускую хатку” на завулку Рабкораўскім. Экспазіцыя “Беларускай хаткі” была прысвечаная шасці месяцам жыцця Максіма Багдановіча ў Менску прыфрантавым у 1916-1917 годзе – кароткая сустрэча з Беларуссю, праца на яе карысць і провады ў Ялту насустрач смерці.
Быў у “Беларускай хатцы” і мемарыяльны пакой Макіма Багдановіча адноўлены па ўспамінах Зоські Верас, якая мела ўнікальную памяць. У доме, дзе Максім Багдановіч напісаў верш “Пагоня”, рабілася ўсё, каб перадаць атмасферу 1916-1917 года – нават шпалеры па старым узоры надрукавалі на фабрыцы. У філіі музея дзеіў лялечны тэатр Батлейка, як напамін пра мару Максіма Багдановіча ўдзельнічаць у батлейкавым спектаклі і вандраваць з ім па Беларусі. Мара Максіма Багдановіча не здзейснілася. А ў „Беларускай хатцы” да ад’езду ў Вільню ладзіў батлеечныя спектаклі Сяржук Вітушка. І зноў – між часу – адноўлены дом пачатку 20-га стагоддзя, батлейка, Сяржук, падобны на Максіма Багдановіча. Пераступіш праз музейны парог і не разумеш – у якім ты часе.
У “Беларускай хатцы” зладзіў Сяржук і вяселле з віленскай беларускай Людвікай Кардзіс. У 2008 годзе ў Вільні ў Доме правоў чалавека па ідэі Сяргея Дубаўца я дапамагала Сяржуку разбіраць яго архіў. Сяржук ўжо не бачыў, хвароба адняла зрок. Мы сядзелі на другім паверсе на Латака 3 у Вільні перад скрынямі, з якіх я даставала тэксты і фотаздымкі. Тэксты зачытвала, фотаздымкі апісвала, а Сяржук аднаўляў у памяці: што гэта. “Дзіўна, – сказаў тады Сяржук Вітушка, – я гісторык па адукацыі, нас вучылі архівазнаўству. Чаму я адразу не парадкаўваў свой аріхіў?” Але ўпарадкаванне і асэнсаванне ўласных архіваў – справа не маладосці, на гэта ёсць сталы узрост, да якога Сяржук Вітушка не дажыў.
А нефармальныя нацыянальна-арыентаваныя аб’яднанні 80-ых гадоў 20-га стагоддзя заклалі падмурак для фармавання сучасных структур грамадзянскай супольнасці. Невыпадкова слова „супольнасць” з’яўляецца аднакарэнным са словам «суполка» – так называліся арганізацыі нацыянальнай скіраванасці ў 1980-ыя гады.
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя