COVID 19: агляд сусветнай прэсы



Пакуль у Беларусі каранавірус яшчэ развіваецца, асобныя еўрапейскія краіны ўжо задумаліся пра хуткае памякчэнне захадаў самаізаляцыі. Што піша еўрапейская і сусветная прэса пра каронавірус — у аглядзе Кастуся Багушэвіча.

ПС: Міністэрства грамадзянскіх спраў Босніі і Герцэгавіны пачало каардынаваць закупкі чатырох медычных сродкаў, якія сталіся найбольш эфектыўнымі ў лячэнні COVID-19. Як паведамляе „Радыё Сараева”, рэгіёны краіны падалі спіс найбольш патрэбных лекаў, і гэта Рэмдэзівір, Гідроксі хлархін, Калетра ды Інтэрферон. Спісы накіраваныя для далейшай працэдуры закупак. „Такая магчымасць была прадстаўлена міністэрству дзякуючы падрыхтоўчай фазе падпісання сумеснага пагаднення Еўрапейскага звяза аб дзяржаўных закупках медычных вырабаў. Пасля таго, як Еўракамісія пацвердзіла паступленне ліста аб неабходнасці лекаў ад Рады Міністраў Босніі і Герцэгавіны, яна паставіла краіну ў спіс паскоранай працэдуры закупак”, – паведамляе ў чацвер раніцай „Радыё Сараева”.

Агенцыя FM Global са штаб-кватэрай у Злучаных Штатах прысвяціла матэрыял дзяржавам, якія хутчэй за ўсіх у Еўропе акрыяюць ад пандэміі. Пакуль Злучаныя Штаты ўпэўнена трымаюць сумнае лідарства па колькасці хворых, іх эканоміка моцна церпіць. І краіна яўна не сярод лідараў паводле прагнозных паказчыкаў аднаўлення. Журналісты і аналітыкі склалі спіс краін, якія хутчэй за ўсё адновяць свае эканамічныя тэмпы. Гэта Данія і Нарвегія. 130 дзяржаў былі даследаваныя на эканамічны стан, улічваліся палітычная стабільнасць, карпаратыўнае кіраванне, экалагічныя рызыкі, лагістыка паставак і празрыстасць, уласна, эканомікі. У дзясятку ўваходзяць таксама Швайцарыя, Нямеччына, Фінляндыя, Швецыя, Люксембург, Аўстрыя, краіны Цэнтральнай Амерыкі і Вялікая Брытанія. Выданне адзначае, што Данія займае першае месца не толькі таму, што яе эканоміка цягам апошніх гадоў адна з найбольш эфектыўных на планеце. Справа яшчэ і ў тым, што акурат датчане прынялі самыя дзейныя меры і хутчэй патлумачылі людзям неабходнасць сацыяльнай дыстанцыі. На жаль, як і ў шэрагу рэйтынгаў, аўтары прызналіся, што не маюць аб’ектыўнае інфармацыі пра Беларусь, верагодна, гэта з-за недаверу да статыстыкі, якую падае кіроўны рэжым. Таму Беларусь у спіс не ўключана. Польшча, паводле прагнозаў FM Global, адновіць сваю эканоміку 24-й, Летува 34-й, Латвія 39-й, Расея 54-й, а Украіна 80-й.

Вядучая агенцыя навін у Паўднёвай Карэі Yonhap сёння ранкам перадае прыемную інфармацыю для тых, хто чакае паляпшэнняў. Уладам удалося рэзка знізіць колькасць хворых. Яшчэ ў канцы лютага ў краіне былі ўведзеныя строгія правілы дыстанцыі. Напярэдадні медыкі зафіксавалі 39 новых выпадкаў заражэння, днём раней 53. Папярэднія сем тыдняў у Паўднёвай Карэі былі штодзённа сотні новых інфікаваных. Агулам за ўвесь час каронавірус быў дыягнаставаны ў 10 тысяч 423 чалавек. Больш за палову выпадкаў зафіксавана ў горадзе Тэгу, таксама шмат у правінцыі Паўночны Хёнсан. 6 973 чалавекі ўжо акрыялі ад хваробы. Дырэктар Карэйскага цэнтру лячэння і прафілактыкі хваробаў Ён Юн К’ён, тым не менш, перасцерагае людзей ад спынення самаізаляцыі. Паводле ягоных словаў, гэтага рэжыму трэба прытрымлівацца яшчэ як мінімум паўтара тыдні. Ягоныя словы перадае Yonhap.

Хоць у Аўстрыі ўжо чуюцца галасы пра хуткае прыпыненне каранціну з-за каронавірусу, пакуль рашэнне не агучана. У чацвер сталічная газета „Wiener Zeitung” піша пра галіны эканомікі і рэгіёны, найбольш пацярпелыя ад вымушанага каранціну. Больш за ўсё пацярпелі такія вядомыя рэгіёны як Тыроль і Зальцбург. Венскі інстытут эканамічных даследванняў, на які спасылаецца газета, зрабіў выснову, што гэтыя рэгіёны найбольш пакутуюць менавіта з-за таго, што тут найбольшая доля занятых у пацярпелых сферах аўстрыйцаў і іншаземцаў. Эканаміст Джулія Бахтрэглер падрыхтавала шкалу сфераў эканомікі, з якой вынікае, што найбольш пацярпелі ўжо гатэльны бізнес і грамадскае харчаванне. Таксама вялікія страты нясуць установы, звязаныя з мастацтвам і забавамі. У Тыролі наступствы каронавірусу ўжо зазналі 34,5 адсоткі працоўнай сілы, у Зальцбургу лічба ўжо вышэй за 33. У сярэднім па Аўстрыі 28,3%…

Беларускае Радыё Рацыя