Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 дасягнула 1.981



Колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 дасягнула 1.981. У бальніцах знаходзяцца 1.793 пацыенты, 19 чалавек памерлі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Паводле дадзеных на раніцу 9 красавіка агульная колькасць хворых на каронавірус у Беларусі складала 1.486 чалавек, быў шпіталізаваны 1.331 чалавек. Такім чынам, за суткі агульная колькасць пацверджаных выпадкаў інфікавання вырасла на 495 (рост на 33,3%). Агульная колькасць ахвяр павялічылася на тры чалавекі — днём раней было 16.

Міністэрства аховы здароўя звяртае ўвагу, што павелічэнне колькасці хворых на COVID-19 „паступальнае і кантраляванае”. Большасць выпадкаў — гэта выяўленыя кантакты першага і другога ўзроўняў.

Як правіла, захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Разам з тым 72 пацыенты маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, ім праведзены медыцынскія кансіліумы з удзелам вядучых інфекцыяністаў і анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў.

Пасля праходжання лячэння ачунялі 169 чалавек.

„Памерла 19 з хранічнымі захворваннямі з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле разлікаў Міністэрства аховы здароўя, на пік захворвання каранавірусам Беларусь выйдзе ў канцы красавіка — пачатку мая. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік напярэдадні ў Палаце прадстаўнікоў. „У нас ёсць методыка прагназавання і план дзеянняў пры розных варыянтах. Мы спадзяемся, што на пік захворвання мы выйдзем у канцы красавіка — пачатку мая”, — сказаў ён. Пакуль, дадаў міністр, колькасць хворых будзе павялічвацца. „Яны будуць, таму што на сённяшні момант захворванне развіваецца. Наша задача — каб яно развівалася не па экспаненце, а больш плаўна мы выходзілі на пік. Але лічбы будуць павялічвацца, таму што эпідэміі не спыняюцца па пстрычцы”, — сказаў Каранік.

belapan.by