Рабі тое, што можаш… Там, дзе ты ёсць!



Смаргонь. Учора тут толькі і размоваў было пра тое, што ў наш шпіталь прывезлі 15 „атамшчыкаў” з пацверджаным каронавірусам. То бок, расейцаў, якія прыехалі на чарговую працоўную вахту ў Астравец.

Безумоўна, нельга адседзецца ціха, калі ў краіне адбываецца нешта сур’ёзнае. Сучасная эпідэмія каронавірусу – справа сур’ёзная… І ўсё ж, адна справа – рыхтавацца да форс-мажорных сітуацый і зусім іншая – сустракаць іх. 15 пацыентаў з пацверджаным дыягназам у нашу раённую інфекцыёнку – да такой “прыемнай” сустрэчы не ўсе былі гатовы. У прыватнасці, мясцовыя жыхары хвалююцца… Але які сэнс хвалявацца? Лепш сабрацца з сіламі і дапамагчы медыкам.

Наўрад ці раённы шпіталь у Смаргоні адмовіцца ад любой дапамогі. Новыя пацыенты адчуваюць сябе няблага, таму хвалявацца варта не за іх, а за медыкаў. Былы смаргонец, а цяпер сталічны жыхар Аляксандр Ількевіч прапанаваў арганізавацца мясцовым жыхарам і тым, хто ведае і любіць Смаргоншчыну. Маскі, рэспіратары, антысэптыкі. Саша – чалавек неабыякавы. Хочацца верыць, што смаргонцы пачуюць земляка, адгукнуцца і будуць дапамагаць лекарам. Гэта вельмі важна – дапамагаць там, дзе ты ёсць цяпер.

Валожынскі раён. Тут згуртаваліся гаспадары аграсядзібаў і неабыякавыя мясцовыя жыхары. Людзі дапамагаюць медыкам і пажылым вяскоўцам. Малайцы – гэта варта павагі і падтрымкі! Каардынуе ўсё на месцы Васіль Грынь разам з калегамі – гаспадарамі мясцовых аграсядзібаў. Сітуацыя наступная, піша Васіль у сваім фэйсбуку: “Некалькі паверхаў раёнкі поўныя хворымі ці з падазрэннем. Гэта адна тэма. Другая – з розных канцоў вобласці і краіны дасланы медперсанал, іх ужо 54 чалавекі. Збольшага маладыя медыкі, жанчыны, дзяўчаты… працуюць па чарзе па 3 гадзіны ў сваіх касьцюмах… ратуюць і бароняць нас поруч з тысячамі сваіх калегаў па ўсім свеце…” Шпіталь спраўляецца, але патрэбнае добрае гарачае харчаванне – аграсядзібшчыкі дапамагаюць. І ім таксама патрэбна дапамога – фінансавая і фізічная. 

Беларусь працягвае салідарызавацца. І чарговая дапамога затрыманым пераўтвараецца змаганне з эпідэміяй каронавірусу. Што маем, то маем. Пажадана ў баку не стаяць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ