Алесь Дзянісаў: Гурт сышоў на каранцін
Гарадзенскі музыка, лідар вядомага гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў канстатуе, што ў перыяд каронавірусу гурту прыйшлося сысці на каранцін:
– Мы не збіраемся. Вось ужо тры тыдні як мы не рэпетавалі. Пакуль што вырашылі, што зробім нейкі адпачынак. Ёсць нейкія напрацоўкі, кожны ў хаце сам па сабе там нешта робіць, займаецца на гітары, на бас-гітары. У нас і так не было запланавана шмат канцэртаў. Адмяніліся тры канцэрты ў Польшчы ў сакавіку, адзін – у красавіку, у траўні пад пытаннем канцэрт у Менску. Што датычыць далейшых планаў, то гэта, канешне, было шмат выездаў у першую чаргу ў Польшчу. Там было запланавана шмат фестываляў менавіта летам. Я так думаю, што ўсё гэта будзе адменена.
Па словах Алеся Дзянісава, у такі цяжкі час ён стараецца працаваць з дому, а па горадзе перасоўваецца на ровары:
– Жонка, на жаль, працягвае працаваць, і мы ўжо задумваемся пра тое, каб узяць за свой кошт адпачынак на тыдзень ці на два. Не ведаю, як тут будуць далей развівацца падзеі ў Гародні. Дачцэ мы напісалі на месяц у каледжы заяву. Мы былі такія не адзіныя, потым куратар казаў пра тое, што на занятках было ўсяго 5 чалавек, большасць людзей, як бачыце, усё ж думаюць пра сваіх дзетак, пішуць заявы. Сам таксама стараюся самаізалявацца. Калі мне трэба ўсё ж такі куды паехаць, то я карыстаюся роварам.
У Гародні шмат музыкаў зышлі на самаізаляцыю, а таксама канцэрты і выступы музыкаў адмененыя з-за таго, што канцэртныя залі, кавярні, пабы сышлі на каранцін.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча