Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 дасягнула 2.226



Колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 дасягнула 2.226. У бальніцах знаходзіцца 2.031 пацыент, 23 чалавекі памерлі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім телеграм-канале.

На раніцу 10 красавіка агульная колькасць тых, хто заразіўся каронавірусам, у Беларусі складала 1.981, былі шпіталізаваныя 1.793 пацыенты. Такім чынам, за суткі агульная колькасць пацверджаных выпадкаў інфікавання вырасла на 245 (рост на 12,3%), колькасць шпіталізаваных павялічылася на 238 (рост на 13,2%). Агульная колькасць ахвяр павялічылася на чатыры чалавекі — днём раней было 19.

Як сцвярджаюць у Міністэрстве аховы здароўя, у асноўным захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Разам з тым 52 пацыенты маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Пасля праходжання лячэння паправіліся 172 чалавекі.

„Памерлі 23 пацыенты з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”, — гаворыцца ў паведамленні.

Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне паведамляць інфармацыю аб смяротных выпадках ад каронавіруснай інфекцыі толькі на падставе атрыманай копіі даведкі з канчатковым патолагаанатамічным заключэннем, дзе кадзіроўка праведзеная належным чынам і паказана, што вірус з’яўляецца прычынай смерці, заявіла намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан на прэс-канферэнцыі 10 красавіка.

Паводле яе слоў, у практыцы беларускіх медыкаў з’явілася некалькі выпадкаў, калі ў пацыентаў, якія паступілі ў стацыянар з COVID-19, інфекцыя была элімінаваная ў працэсе лячэння. „Вірус з арганізма быў элімінаваны, але былі запушчаныя незваротныя працэсы хранічных захворванняў, і непасрэднай прычынай смерці каронавірусная інфекцыя не з’яўлялася”, — адзначыла намеснік міністра.

Паводле разлікаў Міністэрства аховы здароўя, піку захворвання на каронавірус Беларусь дасягне ў канцы красавіка — пачатку траўня. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік 8 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў. „У нас ёсць методыка прагназавання і план дзеянняў пры розных варыянтах. Мы спадзяемся, што на пік захворвання мы выйдзем у канцы красавіка — пачатку траўя”, — сказаў ён. Пакуль, дадаў міністр, колькасць тых, хто захварэў, будзе павялічвацца. „Яны будуць, таму што на сённяшні момант захворванне развіваецца. Наша задача — каб яно развівалася не па экспаненце, а больш плаўна мы выходзілі на пік. Але лічбы будуць павялічвацца, таму што эпідэміі не спыняюцца па шчаўчку”, — сказаў Каранік.

belapan.by