Красавік 1945 года: „Мы ідэйныя барацьбіты з саветамі”



У той месяц пінскіх чэкістаў напаткаў поспех: у ваколіцах Пінска выкрыта антысавецкая падпольная арганізацыя і атрымалася разбіць вялікую ўзброеную групу. Пра гэта НКУС БССР неадкладна праінфармаваў кіраўніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з бандытызмам НКУС СССР генерал- лейтэнанта Аляксандра Лявонцьева.

З данясення вынікае, што Упраўленнем НКУС па Пінскай вобласці затрымана 17 чалавек, якія з’яўляліся актыўнымі чальцамі мясцовай арганізацыі Украінскай паўстанцкай арміі (УПА). Усе яны далучыліся да УПА яшчэ ў 1943 годзе, бо выступаюць супраць савецкай улады. Першапачаткова дзейнічалі на тэрыторыі Валынскай вобласці Украіны, але з лістапада 1944 года знаходзіліся ў аколіцах Пінска. Сярод гэтых падпольшчыкаў чэкісты выявілі трох правадыроў: Ігар Васільевіч Прохараў, Сцяпан Іванавіч Ніканок і Пятро Усцінавіч Доўгер.

«Вялі актыўную барацьбу супраць мерапрыемстваў савецка-партыйных органаў на вёсцы, тэрарызавалі мясцовае насельніцтва, здзяйснялі тэрарыстычныя акты над савецка-партыйнымі работнікамі, арганізоўвалі налёты на дробныя гарнізоны, вялі барацьбу за ўсталяванне буржуазна-дэмакратычнага ладу на Украіне…», – падсумавалі ў пратаколе пінскія чэкісты.

На допытах Ігар Прохараў распавёў, што ў Пінскай вобласці дзейнічае вялікае ўзброенае антысавецкае злучэнне ў колькасці да 250 байцоў, а кіраўніка клічуць «Вярхавінец». Маўляў яны маюць сувязь са Сцяпанам Бандэрам, які асабіста дае распараджэнні па дзейнасці. Мянушку «Вярхавінец» меў Георгій Трацюк, сотнік УПА, які ў 1948 годзе атрымаў найвялікшую ўзнагароду арганізацыі «Крыж Баявой Заслугі». Дарэчы Піншчына ўваходзіла ў вайсковую акругу «Заграва», надраён «Балота» Генеральнай вайсковай акругі УПА-Поўнач.

Надраёны «Балота» (цэнтр Пінск) і «Гало» (цэнтр Столін) вайсковай акругі «Заграва», wikipedia.org

Чэкістаў цікавіла, які сэнс ва ўсёй гэтай барацьбе, калі тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй, вось-вось падзе Берлін і ніякіх перспектыў у змаганні з савецкай уладай. Дык той жа Прохараў распавёў наступнае: «пасля разгрому Германіі Англія і Амерыка аб’явяць вайну Савецкаму Саюзу, а мы выкарыстаем гэты момант для захопу ўлады ва Украіне і ўсталюем самастойную ўкраінскую дзяржаву».

Якім жа бокам частка беларускага Палесся, прынамсі Піншчына, да Украіны? Калі зусім кораценька, то яшчэ з моманту аб’яўлення ў 1917 годзе Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) у Кіеве лічылі гэтыя тэрыторыі сваімі. Пасля падзення УНР, украінскі нацыянальны рух, ягоныя правадыры не адмаўляўся ад гэтых земляў. А ў часы нацысцкай акупацыі той жа Пінск, як і Берасце, ўвайшлі ў рэйхскамісарыят Украіна. Як мінімум былі фармальныя падставы, не кажучы ўжо пра розныя этнічныя, гістарычныя абаснаванні з боку ўкраінскіх мысляроў.

Пячаткі вайсковай акругі «Заграва», wikipedia.org

Вернемся да нашай гісторыі. Дык вось, акрамя колькасці атрада «Вярхавінца», чэксты даведаліся пра прыблізнае ўзбраенне: 2 станковых кулямёта, 15-20 ручных кулямётаў, 25 аўтаматаў, 150 вінтовак і розных выбуховых прылад. Неўзабаве пачалася аперацыя па высочванні атрада. Баі з «Вярхавінцамі» адбыліся ў сярэдзіне красавіка 1945 года. Ліквідаваць атрад цалкам не атрымалася. Георгій Трацюк з часткай людзей сышоў у бок Украіны. Жыццёвы шлях Трацюка абарваўся ў снежні 1951 года. Яго чэкісты падарвуць бомбай у вёсцы Радамышль, што цяпер у Луцкім раёне Валынскай вобласці Украіны.

Паралельна з аперацыяй па ліквідацыі «Вярхавінцаў» Упраўленне НКУС Пінскай вобласці даведалася, што ў лясах Столінскага раёна дзейнічае ўброеная антысавецкая група ў колькасці да 50 чалавек, якія не з’яўляюцца прадстаўнікамі УПА, але маюць сувязь з байцамі гэтай арганізацыі. У тым жа красавіку адбыліся баі са столінскімі падпольшчыкамі. У выніку групу разбілі.

Паказваючы агрэсіўнасць і сур’ёзныя намеры антысавецкага руху на Палессі, НКУС БССР даводзіў кіраўніку Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з бандытызмам НКУС СССР генерал- лейтэнанту Аляксандру Лявонцьеву наступнае: «Здзяйсняючы свой рэйд, бандгруппа ў вёсцы Перахрэсце Жабчыцкага раёна захапіла 15 чырвонаармейцаў і двух сельскіх актывістаў, якія былі расстраляныя… У вёсцы Кротава Жабчыцкага раёна расстраляныя рай-пракурор і старшыня Кротаўскага сельсавета». Безумоўна, разгром атрада Трацюка і столінскіх падпольшчыкаў – гэта быў поспех для пінскіх чэкістаў, але далёка не канец барацьбы антысавецкага руху на Палессі і травень 1945 года тое засведчыў, але пра гэта ў наступны раз.

Ранейшыя публікацыі, прысвечаныя падзеям 1944-45 гадоў на Палессі: «Барацьба з саветамі на Палессі ўлетку 1944 года», «Нацыяналісты лютуюць. Падзеі 75-гадовай даўніны», «Берыя Сталіну пра барацьбу з антысавецкім элементам», «Барацьба за Дняпроўска-Бугскі канал», «Як настаўніца з паплечнікамі рыхтавалася захапіць уладу», «Не арганізавалі насельніцтва супраць нацыяналістаў…», «Пралетарскай прапагандай па антысаветчыках!», «Падполле вядзе паляванне на партыйна-савецкі актыў».

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя