Гарадзенец напісаў кнігу пра адваротны бок “беларускай кухні”



Шэф-кухар гарадзенскай кавярні “Веранда” Сяргей Мохаўцаў напісаў кнігу “Повар в курилке”, якая паказвае закуліссе гарадзенскіх кавярняў і людзей, што там працуюць.

Пра кнігу распавядае аўтар Сяргей Мохаўцаў:

– Кнігу пісаў каля пяці месяцаў. Напісаны варыянт праходзіў праз карэктуру, рэдактуру, вёрстку і падрыхтоўку да друку і затым сам друк – гэта яшчэ заняло паўгода. Кніга апавядае пра хлопчыка 14-ці гадоў, які прыйшоў на кухню стажорам, таму што любіў гатаваць. Кніга расплюшчвае вочы чытачу на сапраўднае рэстараннае закуліссе.

На думку Сяргея Мохаўцава, кніга паказвае, як насамрэч працуецца ў беларускіх рэаліях на кухнях беларускіх кавярняў.

– Кніга паказвае сапраўдную сярэднестатыстычную нашу кухню. Не захопліваючы нейкія замежныя рэстарацыі. А толькі як у нас на самой справе на кухнях адбываецца. Апавядаецца пра кухара, які затым стаў шэф-кухарам праз нейкі час. Апавядаецца пра яго шлях з рэстарана ў рэстаран. Пра звычкі “общепитовцев”. Як яны сустракаюць госця.  Пра тое, як на самой справе адбываецца праца на кухні. Што там не ў каўпаках пінцэтам кухары выкладаюць ежу на талеркі. А там “дзівжуха”, “запара”.

Кніга “Повар у курилке” мае таксама аўтабіяграфічны характар, і Сяргей Мохаўцаў пачаў працу ўжо над другой кнігай. Першую кнігу гараденскага шэф-кухара можна набыць у гарадзенскай “Цудоўні”, а таксама ў кавярні “Веранда”, дзе ён працуе.  

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча