Таццяна Севярынец: Міністэрства абароны забылася на гісторыю і на прысягу



Віцебская актывістка аргкамітэта па стварэнні БХД паскардзілася ў Міністэрства абароны на ведамасную газету “Во славу Родины”, дзе быў размешчаны артыкул  “Куропаты – наглая ложь “свядомых”. 

У ім расказваецца пра кнігу падпалкоўніка запасу Аляксандра Плавінскага “Курапаты — ля вытокаў гістарычнай сенсацыі”, дзе  аўтар сцвярджае, што масавыя расстрэлы ў Курапатах праводзілі не супрацоўнікі НКВД, а гітлераўскія захопнікі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Таццяна Севярынец напісала электронны зварот у міністэрства і атрымала адказ, які абурыў яе не менш, чым газетная публікацыя:

– Мне адказаў намеснік міністра, які адказвае за ідэалогію, што ў нас свабода слова, свабода меркаванняў, што кожны мае права на свой пункт гледжання. Гэта як? Ёсць факты, і яны ці праўда, ці няпраўда. А які можа быць асобны пункт гледжання на праўду?

Выказаць уласныя думкі на старонках газеты “Во славу Родины” Таццяне Севярынец не прапанавалі, нягледзячы на дэкларацыі пра плюралізм меркаванняў. Актывістка працягвае ліставанне з міністэрствам, дзе нагадала вайскоўцам-чыноўнікам пра прысягу, якую яны давалі на вернасць Беларусі. Яна лічыць, што свядомае скажэнне гісторыі краіны – гэта дзяржаўная здрада. І прапануе ўсім, хто лічыць гэтаксама, як яна, дасылаць электронныя звароты і выказвацца пра пазіцыю міністэрства абароны і ведамаснай газеты. Жаданне перафарматаваць грамадскую думку, якая асуджае сталінскіе рэпрэсіі, Таццяна Севярынец звязвае з існаваннем “Курапацкай варты” каля рэстарацыі “Поедем поедим”, збудаванай практычна на месцы расстрэлаў. А таксама са шматлікімі  мемарыяльнымі імпрэзамі і паўставаннем у Беларусі шэрагу грамадскіх ініцыятываў, якія даследуюць мясціны сталінскіх злачынстваў  і паведамляюць праўду пра тысячы бязвінных ахвяраў сталінізму.

Фота Таццяны Севярынец падчас “Курапацкай варты” – з уласнага архіва актывісткі

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя