Лукашэнка: У нас у краіне ні адзін чалавек не памёр ад каронавіруса
Ніхто ад каронавіруса ў нашай краіне не памрэ, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 13 красавіка з дакладам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сяргеенку, старшыню савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлю Качанаву, міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка і дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Раўкова.
„Людзі баяцца. Таму я ім хачу сказаць наступнае: У нас у краіне не памёр ні адзін чалавек ад каронавіруса. Ні адзін! Яны памерлі ад букета хранічных хвароб, якія ў іх былі, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Спецыялісты СААЗ, яны гэта бачылі. Гэта сардэчна-сасудзістая недастатковасць, дыхальная лёгачная недастатковасць. У камплекце. І цукровы дыябет. А потым яшчэ там такія дыягназы, што я прачытаць не магу. І дадаецца каронавірус”.
„Каронавірус — гэта нават не штуршок, — дадаў Лукашэнка. — Гэта тая атмасфера, у якой развіваюцца іх хранічныя хваробы. Вось у чым прычына. Таму я кажу, што ў нас чыста ад каронавіруса ні адзін чалавек не памёр. Мы змагаемся за кожнага чалавека, як я абяцаў. Вось за гэта я ўдзячны і Міністэрству аховы здароўя, і ўрачам. Мы страсянулі ўсю сістэму аховы здароўя. Калі б мы вось так за кожнага не змагаліся, смерцяў было б больш”.
Лукашэнка звярнуўся да ўсіх пацыентаў, якія знаходзяцца ў бальніцах, і асабліва да тых, у каго выяўлены каронавірус: „Няхай нават не перажываюць. Ніхто ад каронавіруса ў нашай краіне не памрэ. Я публічна пра гэта заяўляю. Гэта маё цвёрдае перакананне, зыходзячы з аналізу не толькі мінулых гадоў. У нас ужо вопыт гэтага года ёсць. І, зыходзячы з нашага вопыту, кітайскага, амерыканскага, еўрапейскага (працякання гэтых хвароб), мы бачым, як працаваць. Мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей. Таму мы за кожнага чалавека будзем змагацца. І калі гэты чалавек не апусціў рукі, ён абавязкова выздаравее”.
Кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта даручана падрыхтаваць пералік прадпрыемстваў, якія выпускаюць сродкі абароны і якія могуць гэтым займацца. „Я знайду час пабываць там, дзе палічу патрэбным. І спытаю, ці круглыя суткі яны працуюць і шыюць маскі. Цяпер маскі і іншае — бахілы, акуляры, шчыткі — каштуюць шалёных грошай. Цэны падскочылі”, — адзначыў Лукашэнка.
„Нам сёння ўжо прапаноўваюць розныя краіны: і гэта ў нас купіце, і гэта, і гэта… А мы тое, што можам зрабіць самі, і грошы пакінуць у сябе ў краіне, утрая даражэй пачынаем купляць за яе межамі. Я маю на ўвазе сродкі абароны: маскі, рэспіратары і гэтак далей”, — сказаў ён.
Лукашэнка заклікаў людзей узважана падыходзіць да ўсяго, у тым ліку да выкарыстання сродкаў індывідуальнай абароны. „Слухайце, мы ўжо таксама перагнулі з гэтымі маскамі. Я ўчора праехаў па Менскай вобласці. Еду сам за рулём. Людзі выходзяць з вёскі на поле. І ідзе чалавек: адзін (вецер такі, надвор’е цяпер добрае, сухое), і маска на твары. Здымі маску, падыхай свежым паветрам. Ну калі ты ў горадзе, дзе велізарная колькасць людзей, апрані і хадзі гадзіну-дзве. А навошта паміж вёскамі ідзе ў поле ў гэтай масцы? Мы ўжо людзей перанапружылі. Ад чаго абароніць маска ў полі?” — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.
Ён заявіў, што кожныя суткі аналізуе сітуацыю з захворваннем у краіне, і зыходзячы з наяўнай інфармацыі і прадстаўленых графікаў адзначаюцца пэўныя станоўчыя тэндэнцыі. „Гэта абсалютна паказальныя графікі, яны пра многае кажуць. Я задаволены тым, што мы практычна звялі да мінімуму ВРВІ (гэта сезонныя ўсе захворванні). Яны ў нас ужо пайшлі на спад. Урачы і Міністэрства аховы здароўя яшчэ раней мне з вопыту сказалі пра тое, што на спадзе ВРВІ даюць хвост пнеўманій. Гэта значыць пнеўманіі падчас падзення ВРВІ заўсёды павялічваліся. Я гэта бачу па графіку, у тым ліку ў гэтым годзе”, — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што за апошнія дні, напрыклад, у Віцебскай вобласці прырост колькасці новых пнеўманій істотна скараціўся. „Цяпер у 2,5 разу знізілася. І гэта наша паўночная Віцебская вобласць. Тое ж самае па Менску, добрая тэндэнцыя”, — сцвярджае Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што супакойвацца нельга, асабліва ў дачыненні да пнеўманій. „Нам бы ўтрымацца на гэтым узроўні. Я казаў, што гэты тыдзень да Вялікадня будзе паказальным для ўсёй краіны. Калі мы хоць бы ўтрымаемся на цяперашнім узроўні гэты тыдзень, значыць, мы перамаглі. Нам трэба гэты тыдзень напружыцца, чаго б гэта ні каштавала. Не таму, што ў нас катастрофа. Дзякуй богу, у нас яе няма. У нас няма лавінападобнага нарастання хвароб. І гэта дзякуючы дактарам і людзям”, — сказаў Лукашэнка.
„Малайцы людзі! Нічога не забараняем, але сказалі, што жыццё ў вашых руках. Туды, куды чалавек не хоча ісці, ён не ідзе. Нічога не забараняем, ніякіх каранцінаў, нічога не ўводзілі. Цяпер людзей валацужных на вуліцы няма. Гэта значыць людзі адрэагавалі, людзі гэта разумеюць. І не трэба іх заганяць у кватэры, замыкаць іх там. Чалавек сваім жыццём распараджаецца сам. А мы павінны яму дапамагаць, што мы і робім”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на 13 красавіка колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 дасягнула 2.919, памерлі 29 чалавек. Суткі таму гэтыя паказчыкі складалі адпаведна 2.578 і 26.