„Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча прачытаюць анлайн



Анлайн-чытанне рамана Уладзіміра Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім” арганізуе Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Акцыя „Чытаем класіку разам”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння класіка, пачынаецца сёння, 13 красавіка, паведамілі ў музеі.

„На акцыю адгукнуліся вядомыя артысты, культурныя і грамадскія дзеячы, журналісты і бізнесмены. Кожны з іх на працягу двух тыдняў прачытае адзін з раздзелаў вядомага рамана, каб паказаць, што мы разам шануем нашу культурную і гістарычную спадчыну, ганарымся тым, што мы беларусы”, – адзначылі ў музеі.

Чытанне рамана пройдзе ў залах Музея гісторыі беларускай літаратуры. Пачатак у 16.00 на YouTube-канале музея. Трансляцыі будуць весціся штодня па 29 красавіка.

zviazda.by