Голад ці хвароба



Усе хто пішуць, хочуць каб іх прачыталі. І гэта не важна што напісанае, вершы, проза, інфармацыйны артыкул ці фельетон, жаданне каб твой матэрыял дайшоў да чытача, ёсць натуральным жаданнем. А далей ужо нюансы. Некаму трэба як найбольшая колькасць чытачоў, бо тады на яго рэсурс будуць даваць рэкламу і плаціць грошы. Другому проста славы хочацца. Іншых цікавіць не столькі колькасць, колькі канкрэтная мэтавая група, якая часамі ў адрозненні ад бяздзейнай колькасці можа на нешта паўплываць і нешта вырашыць.

Ёсць нават цэлыя кнігі, вялікія раманы, якія пісаліся ўсяго толькі для аднаго чытача. Пасля некаторыя з іх сталі агульнавядомымі бестсэлерамі, але на пачатку былі напісаныя для таго чытача, які можа нешта вырашыць і паўплываць на сітуацыю. А бывала аўтар пісаў у стол, нікому не паказваў свае творы па вялікай сціпласці сваёй, ці з бязмернай гордасці, але ўсё адно спадзяваўся, што некалі іх нехта знойдзе і яны ўсё ж дойдуць да свайго ўдзячнага адрасату.

У кожным выпадку, чытач патрэбны. Хоць адзін. Ну а зараз чытач скіраваны на навіны, звязаныя з новым вірусам, які трымае ў страху ўсю планету. Таму не абмінеш гэтай тэмы. Тым больш, што яна патрабуе ўсё новых і новых тлумачэнняў і разаблачэнняў. Асабліва ў нас.   

У Еўропе і Амерыцы безліч людзей на каранціне. Жыццёвы лад грамадства змяніўся рэзка і непазнавальна. Ды што там гаварыць. Фоты сваіх любімых коцікаў сталі выстаўляць у сеціве ў разы менш. А калі і выставяць, то больш іх ужо ніхто не лайкае так масава. Ды і сябе любімых таксама сталі выстаўляць значна радзей. І таксама з значна меншым поспехам у плане ўсялякіх там лайкаў, каментароў і перапостаў.

Галоўнае абмеркаванне зараз пра спыненне каронавіруса. Ну а ў Беларусі, якая ужо больш двух дзесяткаў гадоў традыцыйна ідзе не ў нагу з іншым светам, ці іншы свет ідзе не ў нагу з ёй, яшчэ і ідуць спробы абгрунтаваць, ці хоць зразумець пазіцыю ўладаў, якія пакуль што і не збіраюцца падбіраць сваю нагу пад хаду іншых краін. Прынамсі так яны гэта дэкларуюць.

Вось толькі больш-менш зразумела абгрунтаваць сваю пазіцыю ім ніяк не ўдаецца, як не стараюцца, падключыўшы да гэтага працэсу ўсю сваю машыну ўплыву на мазгі насельніцтва. Усе спробы гэта зрабіць разбіваюцца аб факты не на іх карысць. Але адно тлумачэнне, якое ўсё ж прагучала з высокаўладных вуснаў, неяк злёгку праясняе карціну і робіць больш-менш зразумелымі прычыны іх выбару. А матывацыяй іх выбару, аказваецца, ёсць тое, што спыненне эканомікі і пераход на каранцін пацягне за сабой голад. І што тады?!

І сапраўды. Можна зараз канстатаваць той факт, што з эканомікай так дагуляліся, што не толькі доўгага, але і кароткачасовага спынення яна можа не вытрымаць. Хвалёная расійская нафта, якой так ганарыліся як дыпламатычным і гаспадарчым дасягненнем, больш нікому не патрэбная, як і прадукты яе перапрацоўкі. Больш патрэбныя медыцынскія маскі. Але ж мазгі працуюць на пошук халявы, а не на канкурэнтназдольную працу. Таму каб уратавацца ад мажлівага голаду прымаюцца рашэнні працаваць у старым рэжыме.

Для кожнага чалавека выбар існавання пад страхам хваробы або голаду, рашэнне нялёгкае. Якая з двух бед горшая і думаць  цяжка. А вось для беларускіх уладаў гэта пакуль што выглядае відавочным. І напэўна мэтазгоднасць выбару таго ці іншага варыянту залежыць не ад ступені ўдару яго па народу, а ад ступені ўдару па самой уладзе. Іх матывацыя таго ці іншага выбару хіба ў тым, што маштабы бяды ад хваробы, не бай Бог такіх, яны спадзяюцца схаваць ад грамадства. А вось маштабы голаду, таксама не дай Бог такога, схаваць ад грамадства немажліва. Напэўна таму і прымаецца такое рашэнне, якое прымаецца.

І сапраўды. Наколькі адладжаная тут сістэма фальсіфікацыі, увесь свет ведае па нашых выбарах, якіх еўрапейскія краіны не адважваюцца прызнаваць справядлівымі пры ўсім іх жаданні. Як умеюць усё перавярнуць з ног на галаву дзяржаўныя прапагандысты, таксама факт відавочны. Майстэрства і тых і другіх адшліфоўвалася дзесяцігоддзямі. Таму выбар зроблены. І што гэты выбар не ёсць самы эфектыўны ў змаганні з хваробай, хіба што ніхто не сумняваецца. А вось ці дапаможа ён пазбегнуць голаду, гэта яшчэ вялікае пытанне.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ