Краязнаўца з Бярозы даследуе гісторыю беларускай эміграцыі ў Чэхіі



На жаль, сучасныя беларускія падручнікі амаль не ўтрымліваюць матэрыялу і інфармацыі пра нашых суродзічаў, якія па розных абставінах выехалі за мяжу нашай дзяржавы. Адным з нашых суайчыннікаў, які выехаў у Чэхію ў 90-я гады, з’яўляецца сённяшні „Госць Рацыі” – краязнаўца з Бярозы Сяргей Кнырэвіч.

Менавіта з ім абмяркуем інфармацыю, якую ён здабыў па беларускай эміграцыі міжваеннага перыяду ў Чэхіі.

РР: У міжваенны перыяд значная колькасць беларусаў па розных абставінах апынулася на чужыне. Спадар Сяргей, чаму Вас зацікавіла тэма менавіта беларускай міжваеннай эміграцыі?

Сяргей Кнырэвіч: Гэта даволі цікавы перыяд гісторыі Беларусі. Пасля І Сусветнай вайны і пасля таго, як бальшавікі перамаглі на тэрыторыі былой Расейскай імперыі многія прадстаўнікі белага руху, а таксама нязгодныя з бальшавікамі эмігрыравалі. І Чэхія, Прага, стала цэнтрам рускай, украінскай і беларускай эміграцыі. Больш за тое, прэзідэнт Чэхіі Масарык і прэм’ер-міністр Крамарж прыдумалі „рускую акцыю”. Заходнія палітыкі і інтэлектуалы лічылі, што СССР не вытрымае больш за пяць гадоў. Таму яны вырашылі ствараць цэнтры па падрыхтоўцы спецыялістаў, інжынераў, навукоўцаў, якія прыйдуць на тэрыторыю былой Расейскай імперыі, калі савецкая ўлада не вытрывае. Таму яны сталі даваць гранты і магчымасць вучыцца прадстаўнікам рускай, украінскай, беларускай і іншых  нацыянальнасцей. Яны давалі стыпендыі на ВНУ. Руская і ўкраінская эміграцыі стваралі там навуковыя цэнтры, адкрывалі ўніверсітэты, дзе вялося навучанне на рускай і ўкраінскай мовах. Беларусы такой магчымасці не мелі, эміграцыя была не такая шматлікая. Яны вучыліся ва ўкраінскіх і рускіх навучальных установах. Па маіх падліках, такіх навучэнцаў было 350 –  500. У  мяне ёсць дакументы на 350 чалавек.

Два гады таму, у 2018 годзе, на Аршанскіх могілках мы ўрачыста адкрывалі магілу Міколы Вяршыніна – фактычна галоўнай дзеючай асобы беларускай эміграцыі ў Чэхіі. Вяршынін прыехаў у Чэхію ў 1908 годзе. Ён удзельнічаў у рэвалюцыі 1905 года, яго пераследавалі і ён уцёк у Еўропу. Ён ажаніўся на чэшцы і асабіста быў знаёмы з будучым прэзідэнтам Чэхіі Томашам Гарыгам Масарыкам.  І калі пачалася гэтая “руская акцыя”, ён пісаў лісты ў Вільню, і тады пачалі прыязджаць беларускія студэнты ў Прагу. І ён асабіста кіраваў гэтым – пісаў лісты ў МЗС на выдачу віз, на выдачу стыпендый. Я знайшоў не толькі магілу Вяршыніна, але і ягоных праўнучак. Ім расказвалі іх бабуля і маці пра тое, што бедныя беларусы прыязджалі ў незнаёмы горад і ў іхнай двухпакаёвай кватэры на кухні начавалі.  І фактычна дзесяць гадоў Вяршынін і ягоная жонка апекаваліся гэтымі студэнтамі. І гэтыя ВНУ фактычна выхавалі беларускую эліту.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя