Чым Аляксей Карпюк запомніўся гарадзенцам?



100 гадоў таму 14-га красавіка 1920 года ў вёсцы Страшава, што на Беласточчыне, нарадзіўся Аляксей Карпюк – беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Ён пакінуў добрую памяць, у асяроддзі пісьменнікаў ды чытацкай аўдыторыі. Яго памятаюць, як папулярызатара беларускага слова ў савецкія часы, як натхняльніка нацыянальнага руху ў час палітыкі „Перабудовы”, аднаго з заснавальнікаў Саюзу беларусаў свету „Бацькаўшчына”.

Літаратарка Данута Бічэль згадвае яго, як пісьменніка, які імкнуўся дагрукацца да чытача:

– Ён заўсёды быў лідарам гарадзенскіх літаратараў, ён заўсёды ствараў гэтую сям’ю. Гэта быў нейкі апостал у літаратуры, ён заўсёды вылузваў людзей. Канешне гэтая сувязь з людзьмі і паездкі гэтыя ўсе, ён сам і арганізоўваў, ён падключаў Камсамол, ён не грэбаваў бюджэтам партыі і Камсамолу, каб прапагандаваць літаратуру. Мы маглі выступаць у кіназалах, перад вучнямі шчучынскіх школ, дзе зала была поўная.

Пры жыцці Аляксея Карпюка, ягоныя творы, хоць ён і быў камуністам, не асабліва друкаваліся. Прычынай быў ягоны нацыянальны патрыятызм. Кажа прафесар Аляксей Пяткевіч

– Ён быў чалавекам заходнебеларускай вёскі, узгадаваны ў гэтай заходнебеларускай рэчаіснасці. Заходнебеларускія камуністы яшчэ ў 1920-30 гады яны ўсе былі нацыянальнымі патрыётамі будучы камуністамі ў адрозненні ад БССРаўскіх. Гэта народная заходняя закваска была моцная ў ім, ён быў заходнікам.

У 2019 годзе на адным з будынкаў Гародні, на вуліцы Ажэшкі, была ўсталявана памятная шыльда ў гонар Аляксея Карпюка. У раёне „Забалаць”, што ў катэджнай зоне, у 2015 годзе з’явілася вуліца імя Аляксея Карпюка.

Мемарыяльная шыльда на будынку па вуліцы Элізы Ажэшкі ў Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя