Лідары ЕАЭС падпісалі заяву ў сувязі з пандэміяй СОVID-19



Лідары краін Еўразійскага эканамічнага саюза — члены Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета па выніках рабочай сустрэчы 14 красавіка, якая праходзіла ў рэжыме відэаканферэнцыі, прынялі сумесную заяву ў сувязі з пандэміяй СОVID-19, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

У дакуменце адзначаецца, што каронавірусная інфекцыя СОVID-19, абвешчаная СААЗ пандэміяй і ахарактарызаваная як надзвычайная сітуацыя ў галіне грамадскай аховы здароўя, мае міжнароднае значэнне. „Яна вядзе да істотнага зніжэння мабільнасці насельніцтва, абцяжарвае гандаль таварамі і паслугамі, выклікае валацільнасць на глабальных фінансавых і сыравінных рынках, стварае рызыкі дэзынтэграцыі для сусветнай і рэгіянальных эканомік”, — гаворыцца ў заяве.

У гэтай сітуацыі лідары краін ЕАЭС вырашылі аб’яднаць намаганні для сумеснага супрацьстаяння агульнай пагрозе. „Пацвярджаем гатоўнасць да працягу згуртаванай працы для ліквідацыі негатыўных наступстваў пандэміі СОVID-19, захавання дасягнутага ўзроўню інтэграцыйнага супрацоўніцтва і далейшага эканамічнага развіцця дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, забеспячэння сацыяльнай і макраэканамічнай стабільнасці ў нашых краінах, падтрымання дзелавой і інвестыцыйнай актыўнасці”, — гаворыцца ў заяве.

Кіраўнікі дзяржаў выступілі за адзінства міжнароднай супольнасці і стабільнасць сусветнай эканомікі, захаванне прынцыпу свабоды перамяшчэння тавараў, уключаючы сацыяльна значныя тавары, прадукты харчавання, медабсталяванне і прэпараты, медыцынскія сродкі індывідуальнай абароны.

„Меры аператыўнага і сістэмнага характару, якія прымаюцца нашымі дзяржавамі, накіраваны на змякчэнне ўздзеяння пандэміі СОVID-19 на эканомікі нашых краін і забеспячэнне функцыянавання адзінай эканамічнай прасторы. Зыходзім з таго, што ўведзеныя ва ўсім свеце абмежаванні, выкліканыя пандэміяй СОVID-19, з’яўляюцца вымушанай мерай і са зняццем пагроз для жыцця і здароўя людзей будуць скасаваныя”, — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца таксама, што кіраўнікі краін ЕАЭС „нацэленыя на тое, каб працягнуць аказанне садзейнічання адзін аднаму, умацоўваць сістэмы аховы здароўя, праводзіць сумесныя навуковыя даследаванні ў галіне распрацоўкі сродкаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння інфекцый, удасканальваць алгарытмы ўзаемадзеяння пры рэагаванні на эпідэміі”.

Урадам, Цэнтрабанкам дзяржаў ЕАЭС і Еўразійскай эканамічнай камісіі даручана „скаардынаваць меры па прафілактыцы і прадухіленні распаўсюджвання САVID-19, умацаванні эканамічнага супрацоўніцтва, захаванні стабільнасці функцыянавання ўнутраных, у тым ліку харчовага, рынкаў, падтрымцы грамадзян і бізнесу для пераадолення негатыўных наступстваў пандэміі”.

„Мы цвёрда ўпэўненыя ў тым, што перавагі інтэграцыі дапамогуць нашым краінам і народам годна справіцца з гэтым выпрабаваннем”, — падкрэсліваецца ў сумеснай заяве.

Гэтую тэму плануецца абмеркаваць больш падрабязна на саміце ЕАЭС, які мае адбыцца.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў лідараў краін ЕАЭС прыехаць на саміт у Менск 19 мая. „Я чакаю вас у Менску, усім вам гарантую поўную бяспеку і ўпэўнены, што вы атрымаеце, як заўсёды, вялікае задавальненне ад знаходжання ў сталіцы Беларусі”, — сказаў ён.

„Думаю, 19 мая мы больш паглыблена абмяркуем гэтыя пытанні — нашай стратэгіі, аднаўлення нашага саюза, нашых эканомік, жыцця людзей пасля пандэміі, — дадаў Лукашэнка. — Наш саюз павінен быць здольны супрацьстаяць не толькі гэтым выклікам, але і іншым пагрозам. Я ўпэўнены, мы возьмем добрыя ўрокі з цяперашняй сітуацыі. Менавіта ў адзінстве — залог агульнага поспеху ў любой няпростай сітуацыі. Мы гатовыя працаваць разам для пераадолення праблем і выклікаў, якія стаяць перад намі”.

belapan.by

Фота: прэс-служба прэзідэнта