МВФ прагназуе падзенне беларускай эканомікі ў 2020 годзе на 6%



Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2020 годзе скароціцца на 6%. Такі прагноз прыводзіцца ў справаздачы World Economic Outlook, якую апублікаваў 14 красавіка Міжнародны валютны фонд.

Згодна з прагнозам МВФ, пасля леташняга росту на 1,2% у 2020 годзе беларускі ВУП скароціцца на 6%, а ў 2021 годзе павялічыцца на 3,5%.

Падобны да гэтага прагноз МВФ дае і Расеі, якая з`яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Эканамісты фонду чакаюць, што ў 2020 годзе расейская эканоміка скароціцца на 5,5%, а ў 2021 годзе прыбавіць 3,5%.

МВФ чакае, што сярэднегадавая інфляцыя ў Беларусі ў 2020—2021 гадах складзе 5,6%.

На думку эканамістаў фонду, дэфіцыт рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу Беларусі вырасце з 1,8% ВУП у 2019 годзе да 2,9% ВУП у 2020-м, а ў 2021-м складзе 2,5% ВУП.

МВФ таксама прагназуе, што беспрацоўе ў Беларусі вырасце з 0,3% у 2019 годзе да 2,3% у гэтым і знізіцца да 1,8% у 2021 годзе.

Раней Сусветны банк таксама выказаў меркаванне, што ў 2020 годзе ў Беларусі адбудзецца рост беспрацоўя і эканамічны спад.

„Многія беларусы страцяць працу ў 2020 годзе. Яшчэ больш беларусаў адчуюць падзенне пакупніцкай здольнасці сваіх заробкаў”, — напісаў у сваім блогу кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка Алекс Крэмер.

Згодна з абноўленым прагнозам Сусветнага банка, беларускі ВУП можа скараціцца ў 2020 годзе на 4%, паколькі „глабальны эканамічны спад, выкліканы каранавірусам, знізіць попыт на беларускі экспарт сыравінных тавараў і тавараў, якія пастаўляюцца ў краіны ЕЗ, Расеі і на іншыя рынкі”.

На фоне пагаршэння эканамічных прагнозаў, якія абнародуюць міжнародныя арганізацыі, беларускія ўлады пакуль не пераглядалі планы на гэты год (рост ВУП не менш чым на 2,8%).

belapan.by