Колькасць авіярэйсаў у нацыянальным аэрапорце Менск скарацілася на 76%
Колькасць авіярэйсаў у нацыянальным аэрапорце Менск скарацілася на 76%, паведамляе прэс-служба авіяпрадпрыемства.
«З-за нестабільнага эпідэміялагічнага становішча з прычыны распаўсюджвання COVID-19 пасля 15 сакавіка авіякампаніі сталі масава адмяняць запланаваныя авіярэйсы. Да гэтай даты аэрапорт абслугоўваў 100% запланаваных рэйсаў, а ў далейшым падзенне стала імклівым і дасягнула ў сярэднім 76% адмененых рэйсаў ад заяўленых у раскладзе палётаў», – гаворыцца ў паведамленні.
У цяперашні час у сярэднім за суткі аэрапорт абслугоўвае 15-16 пасажырскіх рэйсаў (прылёт плюс вылет), грузавых – тры. У красавіку мінулага года ў сярэднім за суткі аэрапорт абслугоўваў 120-125 рэйсаў (прылёт плюс вылет).
За першы квартал гэтага года авіяпрадпрыемства абслужыла 938.701 пасажыра (+ 0,2%) і 5.864 авіярэйсы (-4,5%).
Нацыянальны аэрапорт Менск працягвае абслугоўваць рэйсы, што засталіся ў раскладзе, а таксама чартарныя і эвакуацыйныя спецрэйсы з грамадзянамі Беларусі і замежных дзяржаў. Акрамя таго, аэрапорт прымае і адпраўляе грузавыя рэйсы, у тым ліку абслугоўвае паветраныя судны з медыцынскай гуманітарнай дапамогай. У першым квартале аэрапорт прыняў і апрацаваў 4.792 тоны авіяцыйных грузаў, што на 32,6% перавышае паказчыкі за аналагічны перыяд 2019 года.
Як адзначае прэс-служба нацыянальнага аэрапорта, рэзкі спад пасажырскага трафіку і колькасці рэйсаў, што былі абслужаныя, адбіўся на эканамічных паказчыках прадпрыемства.
«Зыходзячы з наяўнай загружанасці, для забеспячэння жыццядзейнасці аэрапорта і ў цэлым для яго нармальнага функцыянавання было прынятае рашэнне аб пераводзе прадпрыемства на рэжым працы з мінімальна неабходнай колькасцю работнікаў. У перыяд з 1 па 30 красавіка ў падраздзяленнях прадпрыемства абвешчаны прастой не менш як на 10 дзён у адпаведнасці з графікамі зменнасці», – гаворыцца ў паведамленні.