120 год з дня нараджэння Уладзіміра Тамашчыка
120 год з дня нараджэння Васіля, свецкае імя Уладзіміра Данілавіча Тамашчыка — беларускага грамадскага і рэлігійнага дзеяча, архіепіскапа БАПЦ.
Уладзімір Тамашчык. Беласток, 1943 г. Фота з архіва Вячаслава Харужага. Публікуецца ўпершыню.
Паходзіў з заможнай сялянскай сям’і. У 1913 сям’я перабралася на нованабытую гаспадарку ў маёнтку Дубляны каля м. Вялікая Бераставіца. У 1915 г. разам з сям’ёю як бежанец трапіў у Омск, дзе скончыў сярэднюю школу. У 1921 сям’я вярнулася ў Дубляны. Ад гэтага часу далучыўся да беларускага руху, належаў да КПЗБ.
У 1927 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі i асуджаны на тры гады турмы. Ад 1930 г. жыў у Чэхаславакіі. Скончыў у 1934 годзе агранамічны факультэт Пражскага політэхнічнага ўніверсітэта, працаваў асістэнтам у Пражскім інстытуце заалогіі. Браў удзел у грамадскім беларускім жыцці. Некаторы час быў сакратаром старшыні Рады БНР Васіля Захаркі.
З пачаткам Другой сусветнай вайны пераехаў у Беласток. Быў намеснікам рэдактара газеты „Новая дарога”, працаваў у Беларускім камітэце. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе.
Уладзімір Тамашчык на Другім Усебеларускім кангрэсе (сядзіць трэці справа). Менск, 1944 г. Фота з архіва Наталлі Гардзіенкі.
З 1944 у эміграцыі ў Германіі. Быў абраны старшынём Беларускага цэнтральнага камітэта — галоўнай арганізацыі беларусаў у Германіі. 23 красавіка 1949 прыняў манаства пад імем Васiль. У тым жа годзе ўзведзены ў сан епіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы архіепіскапам Сергіем і епіскапамі УАПЦ Платонам і Вячаславам. У 1951 г. скончыў Украінскую багаслоўскую акадэмію ў Мюнхене з дыпломам магістра багаслоўя.
У 1951 годзе пераехаў у ЗША. Жыў у Нью-Ёрку. Узначаліў Канадска-Амерыканскую епархію БАПЦ. З 1954 года архіепіскап. Браў актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці ў ЗША. Некаторы час узначальваў Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Выступаў з малітвамі ў Сенаце ЗША ў сувязі з угодкамі абвяшчэння БНР. Быў асабіста знаёмы з прэзідэнтамі ЗША Л.Джонсанам і Р.Ніксанам.
Забіты невядомымі ў сваёй кватэры ў Нью-Ёрку 9 чэрвеня 1970 года. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку каля Нью-Ёрка.
Беларускае Радыё Рацыя