COVID 19: агляд сусветнай прэсы
Каронавірус спыніў аднаўленне славутага сабора Нотр-Дам, Сербія ўводзіць каменданцкую гадзіну. Гэтыя і іншыя навіны — ў аглядзе прэсы ад Кастуся Багушэвіча.
Сербія правядзе Велікодныя святы ў 80-гадзінным каранціне, самым доўгім з часу ўвядзення рэжыму надзвычайнага становішча з-за пандэміі каронавірусу, а рашэнне ўрада пра каменданцкую гадзіну з 5-й вечара да 5-ці гадзін раніцы фактычна забараняе ўсе велікодныя ўрачыстасці ў цэрквах і на вуліцах. Рашэнне, якое яшчэ мусіць быць афіцыйна зацверджана ўрадам, было агучана прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам у вячэрнім эфіры Радыётэлевізіі Сербіі. Каменданцкая гадзіна будзе працаваць з 5-й вечара пятніцы да 5-й раніцы ў аўторак, сказаў Вучыч, запэўніўшы, што ў пятніцу днём будзе дастаткова часу, каб людзі маглі пафарбаваць велікодныя яйкі, „бо гэта ў асноўным робіцца ў Вялікую пятніцу”, а панядзелак „у любым выпадку непрацоўны дзень”. Праваслаўныя вернікі сёлета адзначаюць Вялікдзень 19 красавіка.
Сталая італьянская пара, якая пакутуе на каронавірус, адзначала 50-годдзе вяселля ў рэанімацыі. Святкаванне юбілею ў такіх умовах і сапраўды незабыўнае, а зладзілі яго лекары, якія працуюць у шпіталі. Адразу некалькі італьянскіх газет спасылаюцца на фэйсбук медсястры Рабэрты Ферэці, якая першая даведалася пра залатое вяселле і вырашыла зладзіць святкаванне ў палаце. 71-гадовая Сандра і яе муж Джанкарла, якому 73 гады, трымалі рукі над ложкамі з кіслароднымі маскамі на твары ў бальніцы Муры ў горадзе Фэрма, што на ўсходзе рэгіёна Марке.
Жорсткія ўмовы каранціну паставілі вялікае пытанне над перспектывамі хуткага аднаўлення парыжскага сабора Божай Маці. Сёння загалоўкі французскай прэсы прысвечаныя гадавіне вялікага пажару, які не пашкадаваў знакаміты Нотр-Дам. Агонь пашкодзіў дах і зруйнаваў званіцу. Аднаўленчыя працы пачаліся ў хуткім часе, а прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон паабяцаў скончыць аднаўленне сабора да Алімпійскіх гульняў у Парыжы 2024 года. Аднак каранцін, на які сышлі рэстаўратары, аддаляе мэту. У Вялікую пятніцу арцыбіскуп Парыжа Мішэль Аўпеціту правёў невялікую цырымонію ў даступнай частцы сабора, але варта ўлічваць, што над ім яшчэ неабходна цалкам аднавіць дах — шэраг пашкоджанняў ад пажару не дазволілі зрабіць гэта раней. Больш за 900 мільёнаў еўра сабралі тысячы кампаній і прыватных асоб з усяго свету дзеля аднаўлення Нотр-Дама, але пакуль існуюць і пытанні па тым, як менавіта аднаўляць славутасць. Галоўны архітэктар праекту Філіп Вільнёў рашуча адкінуў прапановы зрабіць шкляны дах на саборы і шэраг іншых, якія яму паступілі. Эмануэль Макрон, які выступае за больш сучасны выгляд, у адрозненне ад кансерватыўнага Вільнёва, паабяцаў спытаць меркаванні французаў, якім яны хочуць бачыць сабор. Пакуль жа варта хвалявацца не столькі за выгляд, колькі за магчымы зрыў тэрмінаў аднаўлення сабора. Каронавірус сёлета перашкодзіў нават правесці памятнае мерапрыемства на гадавіну пажару.
3700 чалавек былі дададзеныя да спісу памерлых ад каронавірусу, хаця не здавалі станоўчых тэстаў на яго. Такой была маніпуляцыя чыноўнікаў, пасля чаго колькасць афіцыйных ахвяр хваробы ў Нью-Ёрку перавысіла 10 тысяч, піша New York Times. Пасля гэтага агульная амерыканская статыстыка паказала велізарны рост захворванняў, а ў Нью-Ёрку на душу насельніцтва прыйшлося больш смерцяў, чым ва ўсёй Італіі, найбольш пацярпелай краіны Еўропы. Аднак вінаваціць медыкаў ці гарадскія ўлады ў падмане заўчасна. І вось чаму. Як заявіў у інтэрв’ю камісар гарадскога ўпраўлення аховы здароўя доктар Оксірыс Барба, асноўныя смерці ў Нью-Ёрку прыйшліся на перыяд паміж 11 сакавіка і 13 красавіка. Хоць гэтыя смерці не былі звязаныя з каранавірусам наўпрост, яны маглі б не адбыцца, каб не пандэмія. Збольшага таму, што яна перакрыла звычайную сістэму аховы здароўя, і людзі, якія мелі патрэбу ў дапамозе па іншых хваробах, не атрымалі яе своечасова. І гэта спрычынілася да смерцяў, сказаў эксперт у інтэрв’ю New York Times.
Беларускае Радыё Рацыя