Колькасць інфікаваных COVID-19 у Беларусі дасягнула 3.728



Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 3.728, памерла 36 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

На раніцу 14 красавіка агульная колькасць тых, хто заразіўся каранавіруснай інфекцыяй, складала 3.281. Такім чынам, за суткі агульная колькасць пацверджаных выпадкаў інфікавання вырасла на 447 (рост на 13,6%). Колькасць ахвяр павялічылася на тры (днём раней было 33 памерлых, да гэтага — 29).

Пра колькасць ачунялых і шпіталізаваных Міністэрства аховы здароўя зноў не паведаміла.

У інфікаваных захворванне, як правіла, працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме, адзначаюць у міністэрстве. Разам з тым 68 пацыентаў маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Праведзена 76 тысяч тэстаў на каранавірус, у тэставанні задзейнічаныя 24 лабараторыі.

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан 12 красавіка ў эфіры праграмы „Тыдзень” тэлеканала СТВ адзначыла, што рост колькасці інфікаваных — прагназаваны і чаканы. „І як бы нам ні хацелася, каб гэтага росту не было, усё роўна вопыт іншых краін паказвае, што захворванне будзе павялічваць свае тэмпы”, — сказала яна. На сёння рост захварэлых складае 300—400 чалавек за дзень, дадала Богдан.

Паводле яе слоў, больш за 50% усіх захварэлых на COVID-19 складаюць так званыя кантакты першага ўзроўню. „У нас ужо ідзе папуляцыйная перадача віруса, а не толькі ад тых людзей, якія заехалі і якіх мы адразу ізалявалі”, — падкрэсліла намеснік міністра.

Богдан нагадала, што Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне не шпіталізаваць кантакты першага ўзроўню. Распрацоўваецца „нарматыўны дакумент, які дазволіць грамадзянам з бессімптомным ці лёгкім цячэннем каронавіруснай інфекцыі пры ўмове магчымасці поўнай самаізаляцыі знаходзіцца дома”.

belapan.by

Фота : МН