Мікалай Казлоў: Маё лідарства мяне не здзіўляе



Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў патлумачыў, чаму выйшаў на праймерыз у лідары.

Зараз працягваецца анлайн-галасаванне праймерыз на выбары прэзідэнта. Зараз у лідары выйшаў выконваючы абавязкі старшыні АГП Мікалай Казлоў, на другім месцы – Юрась Губарэвіч, на трэцім – Вольга Кавалькова.

Мікалай Казлоў: У першыню выйшаў на першае месца, але, шчыра кажучы, для мяне гэта не стала нечаканасцю, лідарства мяне не здзіўляе. Я лічу, што разам са мной працуе прафесійная каманда, і ў нас самы вялікі партфель прапаноў, калі казаць і пра нейкія дапаможныя акты, і пра эканамічную праграму.

Мяркую, на сёння ў краіне ніводная партыя не можа пахваліцца такім кейсам, і гэта, напэўна, паўплывала на той вынік, які зараз маем.

РР: Але ўвогуле няшмат людзей прымае ўдзел у галасаванні…

Мікалай Казлоў: Можна паглядзець, як пачынаўся праймерыз. З кожнай новай паездкай на сустрэчы прыходзіла ўсё больш людзей, тэма пастаянна гучала ў СМІ. Інтарэс быў усё большы і большы, з’явілася інтрыга, і мы да сітуацыі ставіліся вельмі апымістычна.

Але цяпер ва ўмовах сітуацыі з каронавірусам, калі беларусы прачынаюцца і зранку найперш праглядаюць у навінах, колькі ў краіне заразілася, а колькі памерла, палітычныя справы, натуральна, адышлі на дваццаць пяты план. І не толькі праймерыз адышоў на задні план, але і наогул пытанне правядзенне прэзідэнцкіх выбараў.

Прагаласаваць за адзінага лідара ад 4-ох апазіцыйных партый і структур можна тут: prezident21by.org.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя