Ніводзін санаторый у Беларусі не закрыты на каранцін
Ніводзін санаторый у Беларусі не закрыты на каранцін, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі падчас анлайн-брыфінгу 16 красавіка.
Паводле яго слоў, два санаторыя не працуюць па рашэнні ўласніка ў сувязі з нізкай загрузкай.
Балбатоўскі расказаў, што пры засяленні ва ўсіх пацыентаў санаторыяў мераюць тэмпературу і ацэньваюць стан іх здароўя для недапушчэння распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. У санаторыях, паводле яго слоў, выконваюцца меры дыстанцыявання. Гэта зрабіць нескладана, паколькі ў сярэднім запаўняльнасць цяпер складае каля 40%, адзначыў Балбатоўскі.
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва паведаміў, што колькасць чалавек у групах ЛФК і ў басейнах паменшаная, інтэрвал паміж заняткамі павялічаны. Гаворачы аб наведванні саўны, ён адзначыў, што абмежаванняў няма, бо вірус гіне пры тэмпературы большай за 60 градусаў.
Праводзіцца штодзённая ўборка агульных зон з выкарыстаннем сродкаў дэзінфекцыі, ёсць санітайзеры з антысептыкамі для апрацоўкі рук, месцы правядзення лячэбных мерапрыемстваў абеззаражваюць пры дапамозе кварцавых выпраменьвальнікаў, расказаў Балбатоўскі.
Паводле яго слоў, штогод у беларускіх санаторыях адпачывалі каля 200 тысяч замежных грамадзян, цяпер шукаюць варыянты „кампенсацыі гэтага кантынгенту”. Санаторыі знізілі цэны на пуцёўкі або пэўныя віды паслуг на 10— 40%. „Гэтая праца праводзіцца з улікам масавых адмоў ад браніравання на красавік—май”, — сказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.
Ужо прыкметна павелічэнне попыту на пуцёўкі на летні сезон, паведаміў ён, адзначыўшы, што „пры стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі попыт будзе, здраўніцы рыхтуюцца ў планавым парадку да летняга сезона”.
Пры гэтым чыноўнік падкрэсліў, што існуе план дзеянняў пры выяўленні СOVID-19 у санаторыях. Парадак правядзення супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў зацверджаны санслужбай, а санаторыі забяспечаны сродкамі абароны персаналу.
Раней СМІ паведамлялі аб выпадках выяўлення каронавіруса ў некаторых беларускіх санаторыях, у тым ліку ў Лепелі і Паставах.
belapan.by