Барбара Пякарская: Дзесьці гэты страх адбірае нам розум



Каранцін на тэрыторыі Польшчы дзейнічае ўжо ад першых дзён сакавіка, і як паведамляюць СМІ, такі рэжым працягнецца яшчэ некалькі тыдняў. Ва ўмовах спецрэжыму працуюць нават кабінеты сямейнага лекара, дзе большасць парадаў адбываецца тэлефанічна. Так між іншым працуе і сямейны лекар з Беластоку Барбара Пякарская, з якой пра эпідэмію каронавіруса і звязаныя з ім страхі гутарыла Валя Лаеўская.

РР: Як выглядае праца сямейнага лекара падчас пандэміі ў Беластоку?

Барбара Пякарская: Даволі цяжка лекару працаваць без пацыентаў. Зараз прыйшлося амаль не бачыць пацыентаў. Час, які нам тут дадзены, каб лячыць людзей пры дапамозе тэлефону, ён не вельмі добры. Сядзім нармальна на працы, тэлефануем да пацыентаў, якія раней запісваюцца ў чаргу. Калі ёсць такая патрэба, запрашаем іх у практыку. На працягу дня некалькі чалавек прыходзяць, іх трэба, вядома, распытаць, ці не было кантакту з носбітамі  каронавіруса. Кожны дзень некалькі асобаў у практыцы ёсць.

РР: Ці кожны пацыент, які прыходзіць, можа быць патэнцыйна хворым? Як гэта ў практыцы выглядае?

Барбара Пякарская: Колькі гадоў я працую, і кожны год ёсць эпідэмія грыпу, іншых прастудаў. Ёсць людзі, якія прыходзяць з туберкулёзам. Ёсць людзі, якія прыходзяць з запаленне пячонкі. І шмат іншых ёсць хваробаў, якімі можна заразіцца ад пацыентаў. Асабліва грып. Я магу за сябе сказаць, што мы ўсё ж такі прывыкшыя, каб працаваць у такой рызыцы. Не ўспрымаю пацыентаў як нейкую пагрозу для майго здароўя. Больш баюся, што гэтая сітуацыя прывядзе да таго, што людзі, якія патрабуюць дапамогі, у якіх няма каронавіруса, яны проста не маюць зараз магчымасці, каб лячыцца. Маю ўражанне, што крыху мы здурэлі. Раптам аказваецца, што ўсе могуць толькі захварэць на COVID-19, баюся, што шмат хто патрабуе дапамогі з іншай прычыны і можа гэтай дапамогі не дачакацца.

РР: Ці былі ў вашай практыцы ўжо такія выпадкі, бо назіраецца сітуацыя, што медыкаў людзі пачынаюць баяцца?

Барбара Пякарская: Дзякуй Богу, што нас не баяцца. Хаця фактычна гэтых тэлепарадаў на многа менш. Я да канца сама не разумею, у чым справа. Ці раптам людзі аздаравелі, ці яны баяцца наогул тэлефанаваць. Але менш гэтых парадаў. Мы падрыхтаваныя. Кожны пацыент, які ваходзіць у практыку, ён робіць дызенфекцыю, накладае пальчаткі, маску. Мы ў масках, у пальчатках. Рызыка інфекцыі, думаю, што малая.

РР: Там нейкія такія хваробы, з якімі людзі не баяцца проста тэлефанаваць?

Барбара Пякарская: Я ўчора мела пацыента, якога паслала ў шпіталь. Сёння таксама была пацыентка, ЭКГ рабілі. Можна нешта па тэлефоне параіць, але даведацца, ці адбываецца што сур’ёзнае з сэрцам, гэта ўжо немагчыма. У нас была пацыентка, якая прыйшла па параду, на ўваходзе электронны тэрометр паказаў 37 градусаў, а мы ведаем, што ён можа за паўгадзіны паказаць і дзесяць розных вынікаў, і яе не ўпусцілі, а яна з болем прыехала да нас, у яе была нармальная тэмпература. Такіх выпадках, я думаю, трэба баяцца. Дзесьці гэты страх адбірае нам розум. Мы ўсё ж такі для таго, каб дапамагаць людзям.

РР: З нечага ж узнікае гэты страх. Колькасць смерцяў, што падаецца ў медыях. З іншага боку, людзі ж паміраюць і ад грыпу, і ад запалення лёгкіх. Дык што ёсць у гэтым COVID-19, на тваю думку, што выклікае такі страх?

Барбара Пякарская: Паўсюдная інфармацыя, якая нам паказваецца і ў інтэрнэце, і ў тэлебачанні. Дзе ўвесь час падаецца статыстыка: хто памёр, хто захварэў. Гэта галоўная інфармацыя на сённяшні дзень. І людзі проста гэтага баяцца. Ніхто не падае статыстыку, колькі людзей захварэла на грып. Кожны год ёсць рост гэтых захворванняў. І каб гэтую інфармацыю ў такі спосаб падаваць людзям, яны б таксама баяліся больш. Але мы ўжо неяк прывыклі, што ёсць сезон грыпа, хтосьці захварэе, усе ведаюць, што гэта сур’ёзная хвароба, але неяк няма гэтай пандэміі страху. А тут проста хвароба менш вядомая. Як усяго новага, мы яе баімся.  

Цалкам размова:

Гутарыла Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з фэйсбука Барбары Пякарскай