Прадстаўнікі грамадства патрабуюць адмяніць парад у Менску
Масавае святкаванне і правядзенне параду ў Дзень Перамогі ў Менску 9 траўня можна параўнаць з „пірам падчас чумы”, – лічыць нефармальны лідар прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч:
– Гэта самае апошняе, што можа зрабіць гэтая ўлада. Мы не ведаем, навошта гэта рабіць, калі напрыканцы красавіка – траўня, на мой погляд, будзе самы пік эпідэміі ў Беларусі. Гэта толькі пачатак. Колькі людзей захварэе? Што, людзі пойдуць з адкрытым сэрцам на парад ці іх ізноў загоняць?! У масках будзе парад ці як? Я ведаю, што ў Расеі Пуцін павінен абвесціць, ці будзе парад 9 траўня ці не. Просяць перанесці. Нам сёння не дата патрэбная перамогі – нам сёння патрэбна здароў’е людзей.
Ці кіраўнік дзяржавы не разумее, ці не хоча зразумець, ці не мае магчымасці зразумець? Але народ павінен ведаць праўду пра небяспеку каронвіруса, – лічыць Генадзь Фядыніч.
Наконадні старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч перадаў у Савет міністраў, Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзідэнта петыцыю з патрабаваннем адмены ваеннага парада 9 траўня і перанакіравання вызваленых сродкаў на закупку апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Пад зваротам падпісаліся 2.500 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск