17 жыхароў Віцебшчыны пакараюць за парушэнне рэжыму самаізаляцыі



Як паведамляе сайт Віцебскага абласнога ўпраўлення МУС, складзена 17 пратаколаў, паводле якіх парушальнікаў рэжыму самаізаляцыі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Парушэнні выяўлены падчас адмысловых рэйдаў, якія праводзяць міліцыянты супольна з работнікамі санэпідэмстанцый.

Рэжым самаізаляцыі абавязаны трымаць хворыя на COVID-19, а таксама кантакты першага ўзроўню на працягу 14-ці дзён пасля непасрэдных зносінаў з носьбітамі хваробы. Кантакты другога ўзроўню абавязаны таксама знаходзіцца ў самаізаляцыі, калі маюць сімптомы захворвання – кашаль, высокую тэмпературу і гэтак далей. Такім асобам забаронена наведваць грамадскія месцы, апрача бліжэйшай крамы і аптэкі, яны абавязаны быць там выключна ў масках і не кантактаваць з іншымі людзьмі.

Паводле віцебскіх міліцыянтаў, правілы самаізаляцыі найчасцей парушаюць маладыя людзі – студэнты, якія знаходзяцца на каранціне з прычыны хваробы аднагрупнікаў. Парушальнікаў чакаюць штрафы памерам ад 2 да да 50 базавых велічынь  (ад 54 да 1350 рублёў) паводле артыкула 23.4 КоАП  “Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню  пасадовай  асобы падчас выканання ім службовых абавязкаў”. Першыя пакараныя ўжо ёсць у Менску: двух чалавек аштравалі на 54 рублі кожнага, гэта мінімальны штраф за парушэнне.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск