Групавыя этапы Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы плануюць пачаць 20 і 22 кастрычніка



УЕФА плануе пачаць наступныя розыгрышы групавых этапаў Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы 20 і 22 кастрычніка. Кваліфікацыя ж стартуе значна раней: у канцы ліпеня – пачатку жніўня. У дакуменце УЕФА сказана, што нацыянальныя турніры павінны быць завершаны да 31 ліпеня. Гэта значыць, што пагадненні гульцоў трэба будзе падоўжыць на месяц (часцей за ўсё дата заканчэння тэрміну кантракта – 30 чэрвеня).

„Шахцёр” падаў заяўку на ўдзел у Кантынентальным кубку сезона-2020/21

Салігорскі „Шахцёр” падаў заяўку на ўдзел у Кантынентальным кубку сезона-2020/21. Верагодна, беларускі хакейны клуб пачне спаборніцтвы з трэцяга раўнда. Салігорцы не падавалі заяўку на правядзенне турніру дома. У той жа час, у Беларусі можа прайсці фінальны раўнд – у тым выпадку, калі „Шахцёр” выйдзе ў вырашальную стадыю і падасць адпаведную заяўку. Сход ІІХФ па Кантынентальнаму кубку запланаваны на 19 чэрвеня ў Будапешце. Але калі эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце да таго часу не палепшыцца, мерапрыемства правядуць у онлайн-рэжыме.

Мінспорту падаўжае прыпыненне дзіцяча-юнацкіх спаборніцтваў

Міністэрства спорту і турызму рэкамендуе падоўжыць прыпыненне правядзення спартовых мерапрыемстваў для дзяцей і падлеткаў да асобага распараджэння. Такое рашэнне спартовае ведамства прыняло на падставе рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя, накіраваных на процідзеянне распаўсюджванню каронавірусу. Раней, 14 сакавіка, былі дадзены рэкамендацыі прыпыніць падобнага роду спаборніцтвы да 6 красавіка, а затым – да 20 красавіка.

Матч 1-га тура „Івацэвічы” – „Астравец” пройдзе без гледачоў па рашэнні гарадскіх уладаў

Па рашэнні гарадскіх уладаў матч стартавага тура другой лігі чэмпіянату Беларусі (Д3) паміж „Івацэвічамі” і „Астраўцом” пройдзе без гледачоў. Сустрэча адбудзецца 18 красавіка на стадыёне „Кляноўка-Арэна”. Першапачаткова на матч рэалізоўваліся квіткі па 2 рублі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя