Рух „За Свабоду” збірае подпісы за дыстанцыйнае навучанне ў школах і ВНУ



Рух „За Свабоду” пачаў збор подпісаў пад петыцыяй з патрабаваннем увесці каранцін для школьнікаў і студэнтаў і перавесці іх на дыстанцыйнае навучанне.

„Хоць распаўсюджванне інфекцыі COVID-19 набірае абароты, Аляксандр Лукашэнка і Міністэрства адукацыі прынялі рашэнне, што дзеці з 20 красавіка павінны пайсці ў школы. Мы лічым такое рашэнне ўладаў Беларусі безадказным і непрадуманым”, — сказана ў петыцыі, якую цытуе прэс-служба руху.

Паводле слоў яго старшыні Юрыя Губарэвіча, вясновыя канікулы працягвалі на некалькі тыдняў, і за гэты час трэба было наладзіць дыстанцыйнае навучанне. „Многія школы і настаўнікі пачалі гэта рабіць з ўласнай ініцыятывы, у іх даволі добра атрымліваецца. У прыватнасці мае дзеці дыстанцыйнае навучанне атрымліваюць не толькі з боку школы, але і курсаў замежнай мовы”, — адзначыў Губарэвіч і заклікаў улады думаць найперш пра бяспеку.

Як паведамляў БелаПАН, 14 красавіка Губарэвіч перадаў у Савет міністраў, Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзідэнта петыцыю з патрабаваннем адмены ваеннага парада 9 траўня і перанакіравання сродкаў, што вызваляцца, на закупку апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.

belapan.by