12 цэркваў Гарадзеншчыны, якія абавязкова трэба ўбачыць



Да Вялікадня паводле юльянскага календара і Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін, які адзначаецца 18 красавіка, прапануем вам агляд найбольш цікавых храмаў Гарадзеншчыны, якія прыналежаць да праваслаўнай канфесіі.

Барысаглебская (Каложская) царква ў Гародні

Найбольш адметнай візітоўкай старажытнай Гародні была і застаецца Каложская царква. З гісторыі забудовы Барысаглебскай царквы, з яе хрысціянскай дзейнасці, што датычыць першых трохсот гадоў існавання, ведама зусім няшмат. Храм быў закладзены на тэрыторыі аднаго з гарадзенскіх пасадаў на пачатку 80-ых гадоў дванаццатага стагоддзя. Ён адзіны з культавых пабудоў гарадзенскай архітэктурнай школы, што збольшага ацалеў і застаўся радаваць нашчадкаў. Фундатарам забудовы выступіў мясцовы князь Мсціслаў Усеваладавіч, які прысвяціў царкву святым заступнікам – братам Барысу і Глебу. Найбольшыя праблемы зрабілі царкве не людзі, а стыхійныя паводкі ў 1853 і 1889 гадах. У выніку першай з іх паўднёвая сцяна з часткай заходняй абваліліся ў Нёман. Страчаныя часткі бажніцы былі заменены лёгкімі драўлянымі канструкцыямі і звычайным дахам, якія да нашага часу знасіліся. У канцы 2017 – пачатку 2018 года Каложа займела новае аблічча. Будаўнікі адрамантавалі апорны каркас сцяны, якая зараз абабітая новымі дошкамі. Заменены вокны, адрамантаваны дах.

Сынковіцкая царква (Зэльвенскі раён)

Гэта сапраўды шэдэўр культава-абарончага дойлідства, роўных і аналагічных якому няма ва ўсёй Еўропе. Да тыпу такіх храмаў знаўцы залічаюць яшчэ дзве цэрквы – у Супраслі, што на Беласточчыне і Мураванцы пад Шчучынам. Аднак, тыя святыні шмат пацярпелі ад разбурэнняў. Сынковіцкая ж цвердзь ацалела амаль нязменнай ад пачатку забудовы. Гісторыя сынковіцкага храма ахутана суцэльнаю таямніцай. Навукоўцы выказваюць меркаванне, што паўстаў ён у канцы ХV – пачатку ХVІ стагоддзя. Існуе легенда, што да гэтага прычыніўся сам вялікі князь Вітаўт. Уцёкшы з Крэўскага замку ад Ягайлы, ён скіраваўся ў цэнтр старажытнай Літвы – пад Наваградак. А па дарозе знайшоў сабе прыстанішча ў невялікай вёсачцы Сынковічы, дзе перачакаў небяспеку. Пазней загадаў пабудаваць у тым месцы храм.  Храм  пачаткова быў праваслаўным, потым уніяцкім, пасля зноў праваслаўным. Царкву грунтоўна даследаваў святар Яўстах Міхайлоўскі, які служыў тут з 1871-га па 1898-ы год. Яго высілкамі былі зробленыя царкоўная агароджа, званіца, адрамантаваны дах. Ягоныя даследзіны ставяць пад сумнеў паданне і дапускаюць, што храм быў пабудаваны задоўга да эпохі Вітаўта. Так адзін з напісаў на сцяне датаваны ажно 12-ым стагоддзем. Ёсьць і пазнейшыя храналагічныя адзнакі, выкладзеныя з цэглы. На адной сцяне можна ўбачыць літару “Т”, кропку і дзве вертыкальныя рысы – гэта лічба 302. Першай лічбы – тысячнай – няма. У наш час Міхайлаўская царква атрымала другое жыццё, яна адрамантаваная.

Царква ў Мураванцы (Шчучынскі раён)

Гэта храм абарончага тыпу. Збудаваная царква была ў 16-ым стагоддзі паміж 1516-ым і 1542-ім гадамі. Фундатарам выступіў віленскі падканюшы Шымко Мацкевіч Шкленскі. Пазней шчодрыя ахвяраванні на храм складалі іншыя заможныя асобы – Сапегі, Завішы, Юндзіловічы. На пачатак 17-га стагоддзя гэтая царква была адной з сама багатых у нашым Вялікім Княстве. У час вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй царква была пашкоджана, а праз некалькі гадоў адноўлена. Яшчэ больш яна пацярпела ў іншы ліхі перыяд – у час баявых падзей Паўночнай вайны храм абстраляла войска шведскага караля Карла ХІІ. Сцены царкоўнай цытадэлі былі моцна пашкоджаны. У паўразбураным стане храм стаяў ажно да дзевятнаццатага стагоддзя. Да пачатку 19 стагоддзя ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У 1822-ым і 1871-72 гг. царква зазнала значную, можна сказаць “празмерную” перабудову – частка байніц была разбураная ці замураваная, раскіданыя лесвіцы алтарных вежаў, пабудаваны прытвор, звонку на сценах з’явілася тынкоўка. У 1839 годзе і пасля Першай сусветнай вайны храм быў зачынены. У 1928 годзе царква прыстасаваная пад касцёл, пасля апошняй вайны зачынена. Пры саветах храм быў занядбаны. У 1991 годзе святыня перададзена праваслаўным і прыдбала сучасны выгляд. У сярэдзіне храма ёсць шыльда 2-й паловы 18 стагоддзя ў гонар роду Кастравіцкіх.

Царква ў Валеўцы (Наваградскі раён)

Гэта адзін з найбольш старых драўляных храмаў на беларускай зямлі, каштоўная перліна архітэктурнай спадчыны. Стаіць царква па левым баку на шляху, што вядзе на чароўнае возера Свіцязь, аддаленая ад жылой забудовы. Царква пры самай дарозе, на пагорку, а перад ёй растуць дзве бярозы, падымацца трэба па стромых прыступках. Храм быў пабудаваны ў 1685 годзе з дрэва як Троіцкі касцёл кляштару дамініканцаў, што быў заснаваны паводле фундацыі берасцейскага ваяводы Стэфана Курча. Пачаткова ён меў рысы стылю барока. У 1832 годзе кляштар быў скасаваны, а яшчэ праз пяць гадоў храм стаў праваслаўнай Петрапаўлаўскай царквой. Мястэчкам тады валодалі Незабытоўскія. Апошняя перабудова адбылася ў 1870-ых гадах, з таго часу царква істотна не мяняла свайго аблічча. Толькі ў 1930-ыя гады 20 стагоддзя да яе была далучана трох’ярусная званіца. У храме зараз знаходзіцца некалькі старадаўніх ікон, а двух’ярусны  іканастас аздоблены разьбой з пазалотай. Уладзімір Караткевіч пісаў, што тут былі іконы працы вядомага расейскага мастака Віктара Васьняцова.

Царква ў Турцы (Карэліцкі раён)

Гістарычных звестак пра гэты храм няшмат. Пабудаваная царква ў 1888 годзе з бутавага каменю і цэглы на месцы старога драўлянага храма 1747 году. Старыя дрэвы вакол царквы за апошняе дзесяцігоддзе ўжо ўсе спілаваныя. На царкоўнай мураванай браме выбіты год 1888. Злева ад брамы каменны помнік з шматлікімі напісамі лацінскімі літарамі, якія цяжка расчытаць. На гэтым камяні стары металёвы крыж. Каля царквы растуць з зямлі невядомыя каменныя крыжы. Адзін малы, а другі паболей. Паводле мясцовых паданняў – гэта магіла князя і яго сына, якія аддалі жыцці за краіну. І гэтыя магутныя крыжы выконваюць два жаданні, прычым адно з іх абавязкова павінна быць не для сябе, а для наваколля і краіны.

Царква ў Ражанцы (Шчучынскі раён)

Царква цікавая найперш сваім “паходжаннем”. Мясцовая праваслаўная царква заснавана ў мястэчку Ражанка на аснове колішняй сінагогі. У савецкі час у будынку сінагогі быў сельскі клуб. Пасля распаду Савецкага саюзу занядбаную камяніцу перадалі пад царкву, да былой сінагогі зрабілі прыбудоўку, паставілі званіцу. Новы праваслаўны храм быў асвечаны ў гонар Раства Хрыстова ў 2004 годзе.

Царква ў Росі (Ваўкавыскі раён)

Троіцкая царква пабудавана ў Росі ў 1912 годзе, паводле іншых звестак – у 1909 годзе на месцы ранейшага храма. У царкве захоўваецца абраз “Маці Божая Адзігітрыя” (мяжа 17-18 ст.). Каля царквы могілкі салдат Другой сусветнай вайны і крыжовы мемарыял. На сучаснай пліце напіс памяці ахвяраў на нямецкай і расейскай мовах.

Царква ў Шчорсах (Наваградскі раён)

Дзьмітрыеўская царква (1770-76 гг.), пабудавана як уніяцкая паводле фундацыі магнатаў Храптовічаў італійскім архітэктарам Джузэпэ Сака пры ўдзеле французкага дойліда Якуба Габрыэля на месцы царквы, якая згарэла ў 1758 годзе. Пацярпела ад пажару ў 1930-ыя гады. У 1960-ыя гады зачынена саветамі, выкарыстоўвалася як спартовая зала, потым як сховішча зерня. Адноўлена і адчынена ў 1988 годзе. Царкоўныя могілкі абнесены драўлянай агароджай з мураванымі слупамі. Помнік архітэктуры пераходнага стылю ад барока да класіцызму.

Успенскі сабор у Жыровічах (Слонімскі раён)

Сярод беларускіх рэлігійных святыняў жыровіцкі асяродак займае асаблівае месца. За многія стагоддзі тысячы людзей звярталіся па заступніцтва да Маці Божай Жыровіцкай. І напэўна яго знаходзілі. У сярэднявеччы і пазней сюды прыязджалі манархі і магнаты, якія рабілі шчодрыя ахвяраванні. Развіццю манастыра спрыяў канцлер Вялікага Княства Леў Сапега, які некаторы час быў уладальнікам Жыровічаў. Штогод мясціну наведвалі каля 10 тысяч паломнікаў розных веравызнанняў. “Бяграфія” асяродку была складанай, як і ўся наша гісторыя. Свята-Успенскі сабор пабудаваны як галоўны храм манастыра базыльянаў у 1629-71 гадах высілкамі ігумена Пятра Мімонскага. Гэта помнік архітэктуры змешанага стылю – часткова баракальнага, часткова класіцыстычнага выгляду. Менавіта ў гэтым храме захоўваецца славуты абраз Маці Божай Жыровіцкай. Паводле падання яго знайшлі на грушцы двое пастушкоў у 1470 годзе. У 1730 г. абраз урачыста каранаваны папскай каронай уніяцкім біскупам Атанасам Шаптыцкім. Перабудаваны храм ў 1828 годзе. У 1839-45 гадах праваслаўная святыня была архісаборам, пазьней гэты статус перанесены ў Вільню. У сярэдзіне сабору тры іканастасы, найбольшы з іх з 18 стагоддзя. Да паўднёвай сцяны сабору прыбудаваная зімовая царква Святога Мікалая, пастаўленая паводле традыцыі там, дзе расла грушка, пад якой знайшлі абраз. Сабор злучаны калідорам з будынкам семінарыі.

Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў Жыровічах (Слонімскі раён)

На тэрыторыі Жыровіцкага манастырскага манастыра. Пабудавана ў 1769 годзе з цэглы як храм-кальварыя на ўзор аналагічнага храма ў Ватыкане. У міжваенны час была каталіцкім касцёлам. За храмам шматлікія магілы святароў. Помнік архітэктуры ракако. Царква стаіць на некаторым узвышшы. Дрэвы, якія растуць наўкола, усе схіліліся да яе. Такое можна пабачыць яшчэ хіба толькі ў Грабарцы на Беласточчыне.

Царква Раства Багародзіцы ў Гародні

На месцы сучаснага манастыра Раства Багародзіцы у глыбокай старажытнасці стаяла Прачысценская царква. Яе выявілі археолагі ў пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Першы кляштар базыяльянак на гэтай тэрыторыі быў драўляным, яго знішчыў пажар. Пазней у 1726-1751 гадах паводле праекту італійскага архітэктара Іосіфа Фантаны быў узведзены новы, ужо мураваны, кляштар. У 1860-ыя комплекс перайшоў да праваслаўнай канфесіі. У савецкі бязбожны час на сценах храма віселі матацыклы – тут была адпаведная школа. Потым у будынку доўга месціўся дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Сёння ў будынку праваслаўны жаночы манастыр.

Наваградская Барыса-Глебская царква

Пабудавана ў гістарычным цэнтры гораду на месцы храма 12 ст. (быў выкладзены з плінфы на месцы паганскага капішча), фундаваная  князем Кастусём Астрожскім. У 1517 і 1519 гг. Астрожскі пры падтрымцы мітрапаліта Іосіфа Солтана зрабіў ахвяраванні на будаўніцтва сабору. Доўгі час была катэдрай праваслаўных і ўніяцкіх мітрапалітаў. Перабудавана ў 1632 годзе. У 1628-36 гг. кіеўскім уніяцкім мітрапалітам Іосіфам Руцкім заснаваны мужчынскі базыльянскі кляштар. А граф Адам Хратовіч заснаваў жаночы манастыр, які існаваў да 1840 года., калі быў пераведзены ў Лаўрышаўскі манастыр (захаваўся аднапавярховы мураваны будынак). З 1839 года царква перададзена праваслаўным. У 1870-ыя гады будынак стаў аварыйным. На сабраныя ахвяраванні і вылучаную расейскім урадам суму 10 тысяч рублёў пачалося аднаўленне, якое скончылася ў 1875 г. Адначасна быў створаны 4-ярусны іканастас на 30 абразоў. У верасні 1876 г. у прысутнасці 10 тысяч вернікаў уладыка Аляксандр (Дабрынін) асвяціў адрамантаваны храм. Ён адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды 1876 г. У храме захоўвалася цудатворная ікона Маці Божай Наваградскай (у 1915 годзе абраз вывезены ў царкву ў Дабрадзееўцы, Україна, дзе ён знік). У 1923-24 гг. царква рэстаўравалася. Храм зачынены ў 1961 годзе, тут быў архіў. Царква вернута хрысьціянам у 1996 годзе. У царкве знаходзіцца пахаванне дабрачынцаў святыні Храптовічаў (17 ст.).

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара