У Менску чакаюцца перамовы „нармандскай чацвёркі”



У сераду ў Менску запланаваныя перамовы кіраўнікоў Украіны, Нямеччыны Францыі ды Расеі, на якіх будзе абмяркоўвацца план урэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны.

Паводле інфармацыі еўрапейскіх выданняў асновай для перамоваў будуць Менскія пагадненні з верасня мінулага году.

Не выключана, што ў выніку кулуарных дамоўленасцяў Расея ўрэшце пагодзіцца на перамір’е на Данбасе, і не важна, хто падпіша перамір’е, мяркуе палітолаг Яраслаў Чарназуб:

 – Шмат пытанняў дыпламаты вырашаюць кулуарна. Масква можа ўзяць адказнасць за гэтыя подпісы, але можа зноў згуляць у “відчэпнога”, што маўляў – гэта не мы. Вось тут вельмі важная закрытая сістэма перамоваў.

10-га лютага ў Менску чакаецца чарговая сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе.

Папярэдняя ў студзені не прынесла плёну з-за спрэчак бакоў наконт змены Менскага пратаколу ад 5 верасня.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У Менску адбудуцца перамовы па стабілізацыі сітуацыі ва Украіне. Пра гэта дамовіліся падчас тэлеканферэнцыі з удзелам прэзідэнтаў Расеі, Украіны, Францыі і канцлера Нямеччыны. Прэс-сакратар урада Нямеччыны заявіў, што ў сераду 11 лютага ў сталіцы Беларусі пройдуць перамовы аб сітуацыі ва Усходняй Украіне з удзелам уладаў Кіева, кіраўнікоў Расеі, Францыі і Нямеччыны.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з Аляксандрам Лукашэнкам пацвердзіў, што сустрэча адбудзецца. Аднак жа сустрэча будзе актуальнай, калі ўдасца дасягнуць кампраміс па пытаннях, якія цяпер з’яўляюцца прадметам інтэнсіўных перамоваў.

На сустрэчы ў Менску прымуць удзел канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін і Украіны Пятро Парашэнка.

Паводле прэс-сакратара нямецкага ўраду Штэфэна Зайберта, мэтай перамоваў будуць пошукі „ўсебаковага вырашэння канфлікту”.

Тым часам позна ўвечары 8 лютага ў Данецку прагрымеў магутны  выбух, паведамляе УНІАН са спасылкай на ўкраінскія СМІ.

Як сведчаць мясцовыя жыхары, дамы трэсла, як быццам яны кардонныя. Гэта нагадвала землятрус.

Многія ў момант выбуху назіралі вялікую ўспышку над горадам – вогнены грыб прыблізна ў раёне чыгуначнага вакзала. Некаторыя жыхары Данецка мяркуюць, што мог узарвацца склад з боепрыпасамі.

Выбух у Данецку было чуваць нават у суседніх гарадах – Макееўцы і Аўдзееўцы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Regis Duvignau / Reuters