Фінансавая падтрымка і зніжэнне коштаў на бензін. Жыццё ў ЗША падчас пандэміі
Па 1200 даляраў атрымаў кожны дарослы і па 500 дзіця ў Амерыцы. Да таго ж апошнім часам там значна знізіўся кошт на бензін. Так паклапацілася ўлада пра сваіх грамадзян падчас каранціну. І хоць гэтая краіна займае першае месца ў свеце па колькасці хворых, але Дональд Трамп выказаўся пра тое, што паступова трэба выходзіць з каранціну, бо сітуацыя стабілізуецца.
З гэтым згодны і беларус, які жыве ў Амерыцы ўжо 18 год, прафесійны музыка, вернік-пратэстант і сябра дабрачыннай арганізацыі «Агонь абуджэння» ў горадзе Спрынфілд, што месціцца непадалёк ад Бостана, – Аляксандр Янцэвіч:
– Адчуваецца пэўны спад усё ж такі. З таго моманту, як Трамп прыйшоў да ўлады, было відавочна, што Амерыка падзеленая на два абсалютна супрацьлеглых лагеры. Сёлета – выбары, таму нават гэтая сітуацыя сёння выкарыстоўваецца і супраць яго.
Як кажа Аляксандр Янцэвіч, у ЗША зараз такая сітуацыя, што шматлікія, у тым ліку і дэмакраты, усё, што прапаноўвае Трамп, у асноўным успрымаюць «у штыкі»:
– Таму што ён не зусім палітык, ён некаторыя рэчы, умоўна кажучы, тлумачыць як звычайны чалавек, хаця ён дастаткова вопытны бізнесмен. І гэта шмат у чым умацавала пазіцыі ЗША. Мы бачым, што краіна ўмацоўваецца, што людзям становіцца жыць лепш. Таму я падтрымліваю дзесьці пазіцыю таго, што, у прынцыпе, мы можам выйсці з каранціну і нам не трэба доўга ў ім сядзець, бо гэта ўплывае негатыўна на нашу эканоміку.
Нагадаем, па апошніх дадзеных у ЗША больш за 770 000 чалавек хворых на каронавірус, крыху больш за 41 000 памерлых ад гэтай хваробы. Усяго ў свеце захварэла каля 2.4 мільёна чалавек, у Беларусі па апошніх звестках – 4779 хворых.
Цалкам гутарку з Аляксандрам Янцэвічам пра сітуацыю з каронавірусам у ЗША і жыццё падчас пандэміі слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя