Школьнікаў атэстуюць за год на падставе адзнак у трох чвэрцях



Школьнікі, якія, нягледзячы на аднаўленне заняткаў, застануцца дома, будуць атэставаныя за год на падставе адзнак у трох чвэрцях, паведаміў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай у эфіры тэлеканала „Беларусь 1”. „Гэта дазваляюць правілы атэстацыі”, — адзначыў ён.

„Не выключаю, што бацькі, як яны выказваюцца ў каментарах, палічаць, што здароўе іх дзяцей першаснае”, — сказаў чыноўнік.

У сюжэце тэлеканала было адзначана, што рашэнне ў дачыненні да дзяцей, якія не будуць наведваць школу, Мінадукацыі прыме на працягу двух дзён.

20 красавіка стала першым днём апошняй вучэбнай чвэрці. З-за распаўсюджвання каранавіруса COVID-19 вясновыя канікулы былі працягнутыя ў агульнай складанасці на два тыдні: спачатку да 11-га, затым да 18 красавіка. У пятніцу, 17 красавіка, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці пачынаць навучальны працэс у школах з наступнага тыдня.

„Трэба акуратна глядзець за людзьмі і наконт адукацыі, школ і іншага, трэба пачынаць вучыцца. Але павольна, спакойна. У вёсцы няма праблем (ну і трэба ж разумець, што мы дзетак кормім, і ўсе на пасяўной, куды падзець дзяцей). І праблем там няма. ВРВІ ўжо скончыліся”, — сказаў Лукашэнка. „Таму могуць недзе займацца — няхай займаюцца. Калі ў горадзе дзесьці, то тыдзень павінен пайсці на павольнае ўцягванне дзяцей да канца тыдня пасля Вялікадня ў адукацыйны працэс. Трэба паступова пачынаць вучыцца. Трэба раскручваць гэты працэс”, — лічыць афіцыйны лідар.

„Хтосьці з бацькоў вырашыць сваё дзіця не пускаць? Што ж, я яго прымусіць не магу. Гэта ж ваша дзіця, я ведаю, што такое дзіця. Вы глядзіце самі”, — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, працяглая адсутнасць заняткаў негатыўна адбіваецца не толькі на засваенні дзецьмі навучальнага матэрыялу, але і на паводзінах. „Калі ты прапусціў — не нагнаць потым, гэта па-першае. Па-другое, псіхалагічна дрэнна для дзяцей. Яны ўжо прывыклі да вялікіх канікул, і ім уцягнуцца ў вучобу праблема. А тут яшчэ кароткая чацвёртая чвэрць, хутка чарговыя працяглыя канікулы”, — адзначыў Лукашэнка.

„Што тычыцца бацькоў, якія пакінулі сваіх дзяцей дома, — гэта іх права”, — падкрэсліў намеснік міністра адукацыі. Паводле слоў чыноўніка, дзіця можа застацца дома па хваробе альбо па заяве бацькоў. Школьнікі могуць „атрымаць дамашнія заданні для вывучэння”. „Акрамя таго, ніхто не забараняе звязацца праз класнага кіраўніка з просьбай наладзіць зваротную сувязь з педагогам на сённяшні дзень для таго, каб вучань мог атрымаць кансультацыю”, — сказаў Кадлубай. Кансультацыя можа быць атрымана альбо завочна дома, альбо вочна пасля заняткаў або ў шосты школьны дзень, „калі ён баіцца, калі бацькі баяцца” вялікай колькасці людзей.

belapan.by