Ужо ў ХІІІ стагоддзі ў Берасці гулялі ў футбол?



Супрацоўнікі «Археалагічнага музея «Бярэсце» ў афіцыйным акаўнце Instagram прадставілі для агляду выяву чарговага артэфакту памерам 7,5 на 4 сантыметры. Гаворка ідзе пра круглы скураны мяч, які быў знойдзены падчас раскопак яшчэ ў 1973 годзе ў культурным слаі ХІІІ стагоддзя на месцы старажытнага Берасця.

Да цяперашняга часу інфармацыя пра гэтую знаходку не была вядома шырокаму колу аматараў гісторыі, бо сам мяч не знаходзіўся ў пастаяннай экспазіцыі музея.

Пра каштоўнасць знаходак «Бярэсця» ў свой час казаў цяпер ужо спачылы кіраўнік раскопак, прафесар, доктар гістарычных навук Пётр Лысенка:

– Знаходкі з «Бярэсця» колькасна і якасна пераўзышлі аналагічныя матэрыялы з Вялікага Ноўгарада, які прызнаны лідарам археалагічнага вывучэння матэрыяльнай культуры. Такая ацэнка спецыялістаў.

Для аматараў гісторыі, якія ў сувязі з абмежавальнымі захадамі не могуць наведаць «Археалагічны музей «Бярэсце», з некаторымі ягонымі артэфактамі, навінамі і праектамі можна знаёміцца віртуальна. Праз свой Instagram-акаўнт адказныя за яго мадэрацыю адкажуць і на пытанні зацікаўленых пра той ці іншы экспанат. Згаданы мяч, напрыклад, па словах супрацоўнікаў, выкарыстоўваўся як дзіцячая цацка.

Беларускае Радыё Рацыя