У беларусаў з’явіцца магчымасць прайсці тэставанне на каронавірус



У хуткім часе ва ўсіх ахвотных беларусаў з’явіцца магчымасць прайсці тэставанне на наяўнасць каронавіруса, паведаміла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан падчас анлайн-брыфінгу 22 красавіка.

Паводле яе слоў, да канца красавіка ў Беларусь павінны паступіць тэсты на вызначэнне антыцелаў да COVID-19, якія будуць размеркаваныя па медустановах. „Будзе праведзеная іх ацэнка, тэставанне. Пасля чаго будзе прынятае рашэнне аб допуску тэстаў для тэставання ўсіх ахвотных”, — адзначыла Карабан.

„Платна гэта будзе ці не, будзе вырашана пазней”, — удакладніла яна.

Галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Карпаў дадаў, што ў айчынных медыкаў ужо ёсць вопыт вызначэння антыцелаў да каранавіруса, аднак „пераацэньваць дыягнастычнае значэнне гэтых тэстаў не варта”.

Паводле яго слоў, бессімптомнае цячэнне захворвання сустракаецца не так часта, як пры іншых інфекцыях, звязаных з вірусным паражэннем. „Цячэнне каранавіруснай інфекцыі на выпрацоўку антыцелаў, напэўна, уплывае ў меншай ступені, чым гэта падаецца. Велізарнае значэнне мае імунны статус самога чалавека, у якога выяўлены COVID-19. Вельмі часта на цячэнне захворвання ўплывае яшчэ інфікавальная доза, гэта значыць колькасць вірусаў, якія праніклі у арганізм. Антыцелы выпрацоўваюцца практычна ва ўсіх здаровых людзей. Калі імунітэт аслаблены, узнікае праблема з іх выпрацоўкай. Да таго ж у людзей з аслабленым імунітэтам хвароба працякае па-іншаму, часам больш агрэсіўна”, — растлумачыў Карпаў.

Інфекцыяніст заўважыў, што ў тэрапіі COVID-19 лекі ад ВІЧ сябе не апраўдалі. У пратаколах лячэння беларускія медыкі арыентуюцца на рэкамендацыі СААЗ. Сёння ў лячэнні ўскладненняў каранавіруса найчасцей прымяняецца хларахін у спалучэнні з азітраміцынам, паведаміў ён.

Калі захворванне, выкліканае каранавіруснай інфекцыяй, працякае ў лёгкай форме, то Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе такому пацыенту амбулаторнае лячэнне дома, сказаў Карпаў.

belapan.by