COVID 19: агляд сусветнай прэсы
Масавыя пахаванні ў бразільскім Манаусе з-за каранавірусу ўсё павялічваюцца, на мяжы Таджыкістана з Кыргызстанам з’явіліся памежныя пасты, у ЗША спрагназавалі другую хвалю заражэнняў. Падрабязнасці — у аглядзе сусветнай прэсы Кастуся Багушэвіча.
Масавыя пахаваньні ў Манаусе (Бразілія). Фота CNN.
ПС: Нягледзячы на відавочныя праблемы, з кожным днём друкуецца ўсё больш станоўчых навінаў адносна галоўнае тэмы апошніх месяцаў. Аднак не ў Беларусі. Неўзабаве і за беларускім футболам будуць сачыць меней. Прычына простая — вяртаецца адзін з наймацнейшых чэмпіянатаў у свеце — нямецкі. Ужо распрацаваны план, згодна з якім гульні адновяцца 9 траўня. Пры гэтым яны на першую пару будуць праходзіць без гледачоў, футбалісты не будуць паціскаць адзін аднаму рукі перад сустрэчай, фотакарэспандэнтам вызначаць вельмі абмежаваныя зоны, дзе тыя могуць знаходзіцца, а ўсім прадстаўнікам прэсы неабходна будзе прадастаўляць даведку пра здароўе, піша Bild. Прадукты і напоі футбалістам павінны знаходзіцца на стадыёне яшчэ да прыезду гульцоў, а ў гатэлях персанал абавязуецца насіць маскі і карыстацца антысептычнымі сродкамі. Кожны гулец пры сімптомах мусіць заставацца дома, а таксама дакументаваць маршрут магчымай перадачы вірусу. З аднаўленнем нямецкага чэмпіянату многія яскрава ўбачаць, што жыццё сыходзіць з паўзы, піша нямецкае выданне.
Радыё „Озоди”, таджыкская служба Радыё Свабода, паведамляе пра тое, што мясцовыя ўлады, хоць і адмаўляюць наяўнасць каранавірусу ў краіне, узмацнілі кантроль за перамяшчэннем людзей на мяжы з Кыргызстанам. У джамаатах Аўчы-Кал’яча і Хістэварз-Бабаджон Гафураўскага раёна кругласуткава дзяжураць міліцыянты і памежнікі. У суседнім Кыргызстане пацверджаны 280 выпадкаў каранавірусу. Пры гэтым кыргызскі бок у асобе прэс-сакратаркі Дзяржаўнай памежнай службы Гульміры Барубаевай, не ў курсе дадатковых захадаў таджыкскай улады. І гэта пры тым, што, як перадае Радыё „Озоди”, у гэтых памежных паселішчах дагэтуль не праведзена дэлімітацыя мяжы, у выніку чаго тут ёсць вуліцы, якія належаць Кыргызстану, а ёсць таджыкскія. Фактычна, новыя захады Таджыкістана пагражаюць часова падзяліць некалькі паселішчаў напалам, падзяліць сваякоў і сяброў. Пры гэтым, як адзначыў у каментары журналістам жыхар паселішча Хістэварз, памежнікамі перакрыта толькі галоўная дарога, а другасныя кантралююцца слаба або не кантралююцца зусім. І таму перамяшчэнне людзей працягваецца. Улады Таджыкістана ўзмацнілі кантроль за перамяшчэннем людзей на таджыкска-кыргызскай мяжы пасля таго, як памёр 60-гадовы жыхар вёскі Кургонча. Гэтае сяло размешчана на мяжы з Кыргызстанам. Афіцыйная прычына смерці — пнеўманія, але захады ўладаў выдаюць, што гэта, верагодна, быў каранавірус. Дзясяткі чалавек, якія кантактавалі з памерлым, у тым ліку 11 лекараў і медсясцёр, знаходзяцца на карантыне. Таджыкістан і Кыргызстан падзяляе мяжа працягласцю 970 кіламетраў. З іх ўзгоднены толькі 519, астатняя частка і сёння застаецца спрэчнай.
Кіраўнік Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў Злучаных Штатаў Амерыкі Роберт Рэдфілд заявіў, што ёсць вялікая небяспека другой хвалі каранавірусу, паколькі свежая ўспышка, верагодна, супадзе з сезонам грыпу. „Гэта можа стварыць нечуванае напружанне для сістэмы аховы здароўя дзяржавы”, – сказаў ён у інтэрв’ю Washington Post. У панядзелак у Каліфорніі адбыўся найбольшы прырост новых выпадкаў захворвання ў той час, калі ў Нью-Джэрсі, які акрамя Нью-Ёрка, найбольш пацярпелы амерыканскі штат, за адзін дзень адбылося найбольшае павелічэнне смяротнасці. Рэдфілд папярэдзіў амерыканскія ўлады, што тыя мусяць падрыхтавацца да адначасовых хваляў грыпу і каранавірусу. Людзей, якія пратэставалі на вуліцах у Пенсільваніі і іншых штатах Рэдфілд папярэдзіў, што ім варта думаць пра прышчэпкі. Ён меў на ўвазе тых, хто выступае супраць вакцынацыі. Па словах шэфа Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў, „вакцына дазволіць вам захаваць ложак у бальніцы для бабулі, у якой няма такога імунітэту як у вас”. Словы спецыяліста прыводзіць Washington Post.
Раніцай у сераду CNN паказвае фотаздымкі з паветра масавых пахаванняў у горадзе Манаус на паўночным захадзе Бразіліі. Колькасць ахвяраў COVID-19 павялічваецца. З-за новай хваробы ў горадзе хаваюць больш за 100 чалавек кожны дзень. Перад пандэміяй у Манаусе штодня хавалі каля 30 чалавек. „У цяперашні час дзяржаўная сістэма аховы здароўя не ў стане аказаць дапамогу ўсім, хто мае патрэбу ў ёй, і людзі пачалі паміраць дома”, – заявіў мэр Манауса Артур Віржыліа Нэту журналісту бразільскага аддзялення CNN. „Хоць мы жывем у такой крытычнай сітуацыі, магчыма, самай сур’ёзнай ва ўсёй Бразіліі, мы не атрымалі ніякай дапамогі ад федэральнага ўрада для пашырэння нашай спецыялізаванай медыцынскай дапамогі ў гарадскіх бальніцах”, – сказаў Нэту…
Беларускае Радыё Рацыя