Тэсты на антыцелы да каронавіруса з’явяцца ў Беларусі да канца красавіка
Міністэрства аховы здароўя Беларусі працягвае аддаваць прыярытэт пытанням прафілактыкі каронавіруса перад лічбамі і дынамікай заражэнняў.
Магчымасць здачы тэстаў на антыцелы да каронавіруса ўсімі жадаючымі на тэрыторыі Беларусі падчас стрыму агучыла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іна Карабан:
– Да канца красавіка тэсты на антыцелы да каронавіруснай інфекцыі паступяць у Рэспубліку Беларусь. Пасля гэтага будзе праведзена іх ацэнка і тэставанне ў арганізацыях аховы здароўя. Надалей будзе прынята рашэнне пра допуск іх у арганізацыі аховы здароўя для тэставання жадаючых людзей. Платна гэта ці не, будзе вядома пазней. Тэсты ў хуткім часе з’явяцца ў нашай краіне і будзе прынята рашэнне пра іх выкарыстанне.
Падчас стрыму нагадалі пра тое, што супрацоўнікі міліцыі могуць тэлефанаваць грамадзянам з мэтай праверкі парадку выканання самаізаляцыі па паказаннях медустановы, а таксама прыходзіць непасрэдна з праверкай у жытло.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск