Менск як «крымінальная» карона-сталіца



За мінулыя содні тэмп заражэння каронавірусам у Менску і па краіне застаўся амаль нязменным і склаў 277 чалавек. Паправілася каля 10% агульнай колькасці хворых па Беларусі.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наша карэспандэнтка Вольга Сямашка:

– За мінулыя содні супрацоўнікі міліцыі праверылі 10 432 чалавекі на самаізаляцыі па паказаннях дактароў.

Акрамя гэтага  аператыўнікі ў Менску і Менскай вобласці выкрылі «шэрую» схему продажу масак. Вытворцам масак выгадней прадаваць іх наўпрост камерцыйным структурам па больш высокай цане, чым здаваць за капейкі ў дзяржаўную сетку. Парушальнікі прыцягнуты да адказнасці.

Медыкі Менска ўдзячныя за спонсарскую дапамогу і ахвяраванні ад грамадскасці. Аднак складанасць і састарэласць адпаведнага заканадаўчага рэгулявання ставіць медычныя ўстановы пад пагрозу будучых праверак законнасці падобнай дабрачыннасці з боку зацікаўленых органаў.

Менчукі працягваюць масава насіць маскі і абмяркоўваюць пачатак выпрабавання вакцыны ад каронавіруса на людзях-добраахвотніках у Нямеччыне.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск