Міжурадавы савет ЕАЭС не змог дамовіцца па цэнах на транспарціроўку газу



Міжурадавы савет Еўразійскага эканамічнага саюза на пазачарговым пасяджэнні з удзелам прэм’ер-міністраў дзяржаў ЕАЭС не змог дамовіцца па цэнах на паслугі па транспарціроўцы газу.

Як паведамляе прэс-служба ЕЭК, на пасяджэнні савета, якое прайшло 23 красавіка ў фармаце відэаканферэнцыі, былі разгледжаны апошнія няўзгодненыя пытанні праекта Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Па трох пытаннях міжурадавы савет прыняў фармулёўкі, выпрацаваныя членамі Савета ЕЭК 20 і 22 красавіка.

Пытанне тарыфаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку газу ЕАЭС будзе вырашацца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў саюза, адзначылі ў ЕЭК.

„Узгоднены пазіцыі бакоў па трох пытаннях — вельмі спрэчных, цяжкіх, але знайшлі кансэнсус. Першае — гэта лібералізацыя міжнародных аўтамабільных перавозак. Другое — выпрацоўка гнуткіх механізмаў мэтавага садзейнічання эканамічнаму развіццю. Трэцяя група пытанняў — аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя”, — адзначыў старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч.

„Па пытанні тарыфаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку газу саюза было праведзена таксама некалькі разглядаў. Узгодненага рашэння, фармулёвак, да жаль, не выпрацавана”, — канстатаваў Мясніковіч.

Члены Міжурадавага савета прадставілі пазіцыі па гэтым пытанні, пасля чаго было вырашана вынесці яго на разгляд Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета. Плануецца, што на чарговым пасяджэнні 19 мая кіраўнікі дзяржаў саюза зацвердзяць Стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Правядзенне наступнага пасяджэння Міжурадавага савета запланавана ў ліпені ў Менску.

Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай сустрэчы членаў Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета, якая адбылася 14 красавіка ў рэжыме відэаканферэнцыі, звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з просьбай аператыўна разгледзець пытанне цаны на прыродны газ. Беларускі кіраўнік адзначыў, што пакуль бакі не выйшлі на агульныя энергетычныя рынкі ў ЕАЭС, трэба дамовіцца аб тым, што рабіць у сітуацыі, якая складваецца. „У першую чаргу гэта датычыцца цэн і разлікаў за прыродны газ. Відавочна, што пры такой рэзкай змене эканамічнай кан’юнктуры цана павінна быць больш адаптыўнай, а механізм разлікаў — пад’ёмным для спажыўцоў”, — заявіў беларускі кіраўнік.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы заяву Лукашэнкі аб неабходнасці больш гнуткіх цэн на газ ва ўмовах пандэміі каранавіруса, заявіў, што пытанне аб цане на расійскі газ у ЕАЭС будзе прапрацоўвацца на экспертным узроўні. „Гэта пытанне для перамоў на экспертным узроўні ў ЕАЭС. Пытанне пастаўлена ў рамках ЕАЭС, яно можа ставіцца. Яно будзе прапрацоўвацца”, — сказаў Пяскоў журналістам 15 красавіка.

belapan.by